Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы Таджыкістану і Кіргізстану адбыўся збройны канфлікт праз доступ да вады. Ёсьць забіты


На месцы канфлікту
На месцы канфлікту

Дзясяткі чалавек пацярпелі ў памежным канфлікце паміж жыхарамі і вайскоўцамі Таджыкістану і Кіргізстану. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў спробе захопу водаразьмеркавальнага пункту на мяжы дзьвюх краін.

Інцыдэнт пачаўся ў сераду 28 красавіка паміж мясцовымі жыхарамі, у чацьвер памежнікі дзьвюх дзяржаваў абвінавацілі адны адных у адкрыцьці агню.

Водазабор «Галаўны» быў пабудаваны ў 60-х гадах у Савецкім Саюзе па заяўцы Кіргізіі, — перадае Таджыцкая служба Радыё Свабода. Пры гэтым ён разьмешчаны на тэрыторыі, якая, як сьцьвярджаюць улады Таджыкістану, па картах заўсёды адносілася да іх краіны. Канфлікты жыхароў вёсак вакол аб’екта пачаліся яшчэ ў сярэдзіне XX стагодзьдзя, першае збройнае супрацьстаяньне там зафіксавана ў 1974 годзе.

Цяперашні канфлікт паміж жыхарамі памежных тэрыторый пачаўся ўчора, калі таджыцкі бок усталяваў камэры відэаназіраньня ля водазабору «Галаўны». Жыхары памежнай кіргіскай вёскі запратэставалі, канфлікт перарос у кіданьне камянямі празь мяжу. На тэрыторыі водазабору «Галаўны» ў Баткенскім раёне сабраліся 100–150 чалавек.

На месца прыбылі кіргіскія памежнікі, якія запатрабавалі спыніць усталёўваньне камэры. Сытуацыя абвастрылася. Памежная служба Кіргізстану паведамляе, што пачалася перастрэлка паміж вайсковымі падразьдзяленьнямі з двух бакоў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелі некалькі грамадзян Кіргізстану — зь іх адзін ад кулі, і 7 грамадзян Таджыкістану — ад камянёў. Бакі ўскладаюць віну адзін на аднаго. Пазьней ТАСС перадаў, што паранены грамадзянін Кіргізстану памёр.

Падзеі разьвіваюцца: Кіргізстан паведаміў пра напад на ягоныя памежныя пункты, Таджыкістан — пра захоп суседзямі таджыцкіх.


І Кіргізстан, і Таджыкістан уваходзяць у АДКБ, сябрам якой зьяўляецца і Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG