«Я чакаў гэтага. Тут, на гэтай пасадзе, сядзеў як на парахавой бочцы ўжо паўгода. Гэта было толькі пытаньне часу. Таму што мае дзеяньні былі „неадэкватныя“, скажам так, у дачыненьні да рэчаіснасьці», — пракамэнтаваў Максім Ачарэтні тэлеканалу «Белсат».
Падчас першай хвалі каранавірусу, калі ўлады адмахваліся ад праблемы, называючы гэта псыхозам, менавіта Максім Ачарэтні запусьціў флэшмоб «Я на працы. А вы будзьце дома». Акцыю падтрымалі многія лекары па ўсёй краіне.
Як паведамляе тэлеграм-канал «Белые халаты», на знак салідарнасьці з Максімам Ачарэтнім сваю пасаду ў 3-й дзіцячай лякарні пакінуў іншы высокапрафэсійны лекар, траўматоляг Рустам Айзатулін. У гэтую ўстанову ён перайшоў пасьля звальненьня за выказваньне грамадзянскай пазыцыі з РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі.
«Адміністратары ад мэдыцыны. Вы закопваеце ахову здароўя сваімі ж рукамі — неўзабаве самі адчуеце наступствы такіх дзеяньняў. Гэты час абавязкова настане», — зьвярнуўся да чыноўнікаў галіны Рустам Айзатулін.
Рустам Айзатулін быў адным з герояў выставы пра адданую працу мэдыкаў у пандэмію «Машына дыхае, а я — не». Экспазыцыю прымусілі згарнуць, арганізатараў затрымалі і асудзілі.