Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху выступіў сёньня з супольнай заявай:
— З дня адной з найбольш маштабных радыяцыйных катастрофаў прайшло 35 гадоў, аднак мала што зьмянілася.
Мала што мяняецца, і ў горшы бок. Улада, якая страціла сваю легітымнасьць, кажа пра наступствы Чарнобыля толькі ў кантэксьце іх нібыта пераадоленьня. Яны амаль забытыя, закон «Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС» 1991 года, які забясьпечвае лепшую абарону, адменены, і ўсё больш і больш забруджаных земляў уводзіцца ў сельскагаспадарчы ўжытак.
Памяць аб ахвярах Чарнобыля, аб тых, хто пазбавіўся здароўя — важная для бясьпекі цяперашняга і будучых пакаленьняў. Гэта культурны код, які павінны быць на тысячагодзьдзі умантаваны ў грамадзкую памяць.
Але сёньняшнія ўлады ў Беларусі, якія страцілі сувязь з рэальнасьцю, імкнуцца сьцерці яе, у тым ліку праз увядзеньне ў эксплюатацыю новай, непатрэбнай беларусам АЭС пад Астраўцом. Час як быццам бы вярнуўся назад, і чарнобыльская заганная практыка аўралаў, парушэньняў рэглямэнтаў, небясьпечных экспэрымэнтаў і замоўчваньняў паўтараецца наноў у рэгіёне, які Чарнобыль не закрануў, — на АЭС пад Астраўцом.
Астравецкая АЭС, як патэнцыйная расейская ядзерная бомба на нашай зямлі, пачынае працаваць нават пры адсутнасьці пляну абыходжаньня з адкідамі, як і пры адсутнасьці разуменьня таго, для чаго патрэбна дадатковая электраэнэргія.
Напярэдадні чарнобыльскай даты невядомыя ўзламалі сайт Астравецкай АЭС, разьмясьціўшы ад імя работнікаў электрастанцыі інфармацыю аб небясьпецы гэтага аб’екту. Сам факт узлому дэманструе неабароненасьць гэтай станцыі, не кажучы ўжо пра згаданыя факты шматлікіх парушэньняў і здарэньняў, якія маюць пацьверджаньне зь іншых крыніц.
Беларусы пазбаўленыя магчымасьці выказваньня, нам не дазволена гаварыць аб праблемах Чарнобыля і Астравецкай АЭС нават на мірным мітынгу ці шэсьці. Беларусаў рэпрэсуюць, кідаюць у турмы і падвяргаюць зьдзекам нават у адсутнасьці прычыны або нагоды. Рыгор Кастусёў, лідэр партыі БНФ, адзін з арганізатараў сёлетняга забароненага ўладамі Чарнобыльскага шляху ў Менску, кінуты ў СІЗА КДБ па надуманым абвінавачваньні адразу ж пасьля падачы заяўкі на правядзеньне гэтай штогадовай акцыі памяці. Павал Севярынец, каторы штогод быў адным з самых актыўных арганізатараў Чарнобыльскага Шляху, больш за 9 месяцаў беспадстаўна ўтрымліваецца ў вязьніцы. Але, не гледзячы на рэпрэсіі, беларусы сёньня ўшаноўваюць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы — гаворыцца ў звароце Аргкамітэту Чарнобыльскага шляху.
Зварот падпісалі кіраўнікі партыі БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук, намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Меляшкевіч, каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі Тацьцяна Новікава, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Руху Салідарнасьці «Разам» Алена Талстая.
Нагадаем, што традыцыйнае шэсьце «Чарнобыльскі шлях» на гадавіны Чарнобыльскай катастрофы не было дазволенае ў Менску гарадзкімі ўладамі.