На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае Андрэй Елісееў, дырэктар у пытаньнях дасьледаваньняў цэнтру Eurasian States in Transition, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS (The International Strategic Action Network for Security).
Елісееў
- Палітычны рэжым у Беларусі можна трактаваць як пэрсаналісцкі вайсковы рэжым, гэта тыповы султанісцкі рэжым
- Адзін з галоўных кірункаў зьмены Канстытуцыі — наданьне Ўсебеларускаму народнаму сходу (УНС) канстытуцыйнага статусу, наданьне Лукашэнку дадатковага статусу старшыні прэзыдыюму УНС
- Таксама могуць быць зьмены ва ўзроставым цэнзе, а таксама можа быць павялічаны тэрмін прэзыдэнцтва з пэрспэктывай спадкаемства пад малодшага сына
- І трэцяя зьмена, якая можа адбыцца, — гэта скасаваньне прамых прэзыдэнцкіх выбараў, абраньне прэзыдэнта парлямэнтам ці УНС
- Рэжым застаецца пэрсаналісцкім, ён ня робіцца калегіяльным, хунтай, Лукашэнка па-ранейшаму кіруе аднаасобна
- Але вельмі істотна вырасла роля сілавога кампанэнта
- Калі я кажу пра вайсковы характар рэжыму, я маю на ўвазе ня толькі прадстаўнікоў войска, але наагул сілавікоў, людзей зь сілавым бэкграўндам — гэта і КДБ, і МУС
- У нядаўняй нарадзе ў Лукашэнкі, дзе абмяркоўвалася закрыцьцё дыпляматычных прадстаўніцтваў, удзельнічалі не адно дыпляматы, а генэралітэт
- Нават рашэньні, якія наўпрост не зьвязаныя з аховай правапарадку, прымаюцца з удзелам людзей зь сілавым «профілем»
- Лукашэнка ня хоча цалкам паліць масты з Захадам і з Украінай, гэта трэба яму дзеля ўзаемадзеяньня з Крамлём, яму трэба як-небудзь нармалізаваць адносіны з Захадам
- Султанізм — гэта адзін зь відаў рэжымаў у тыпалёгіі палітолягаў Хуана Лінца і Альфрэда Стэпана
- У адрозьненьне ад таталітарызму, у султанісцкіх рэжымах няма вызначанай ідэалёгіі
- У адрозьненьне ад іншых відаў аўтарытарызму, пры султанізьме зусім мізэрная роля інстытутаў, і Беларусь — прыклад такога рэжыму
- Таксама асаблівасьць султанізму — гэта тэндэнцыя да дынастычнай спадкаемнасьці, імкненьне кіраўніка перадаць уладу сваім сваякам, найперш сынам
- Дэкрэт аб паўнамоцтвах Рады бясьпекі — гэта не мэханізм плянавага транзыту, гэта інструмэнт запалохваньня мажлівых удзельнікаў змовы супраць Лукашэнкі
- Лукашэнка можа застацца на пасадзе старшыні УНС ці Рады бясьпекі і аддаць прэзыдэнцкую пасаду нейкаму рэгенту
- Заява старшыні канстытуцыйнай камісіі Пятра Міклашэвіча, што Беларусь застанецца прэзыдэнцкай рэспублікай, не супярэчыць гэтай схеме
Што вядома пра пляны зьмяніць Канстытуцыю
- Шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў 28 красавіка на пасяджэньні канстытуцыйнай камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётар Міклашэвіч
- Мінулы 25-гадовы пэрыяд пацьвердзіў эфэктыўнасьць, абгрунтаванасьць і мэтазгоднасьць функцыянаваньня інстытуту прэзыдэнцтва, і сёньня няма абʼектыўнай неабходнасьці мяняць форму кіраваньня ў Беларусі на парлямэнцкую або парлямэнцка-прэзыдэнцкую, — сказаў Міклашэвіч
- 24 красавіка Лукашэнка заявіў, што падпіша дэкрэт, па якім улада ў Беларусі пяройдзе да Рады бясьпекі ў «экстранай сытуацыі»
- Рэзалюцыя шостага Ўсебеларускага народнага сходу, які прайшоў у лютым сёлета, утрымлівае заклік да прызнаньня УНС «вышэйшай формай народнага прадстаўніцтва з заканадаўчым замацаваньнем яго асаблівага прававога статусу».