Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Праваабаронцы прызналі палітвязьнем капітана, які скапіяваў сакрэтны ліст пра ўжываньне войска супраць пратэстоўцаў

Праваабаронцы прызналі палітвязьнем капітана, які скапіяваў сакрэтны ліст пра ўжываньне войска супраць пратэстоўцаў


Дзяніс Урад
Дзяніс Урад

Са сродкаў масавай інфармацыі праваабаронцам стала вядома, што ў сакавіку 2021 году затрымалі і ўзялі пад варту праз абвінавачваньне ў дзяржаўнай здрадзе капітана Дзяніса Урада.

Капітан Урад, знаходзячыся на дзяжурстве на пасадзе спэцсувязі Генштабу Ўзброеных сіл, сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны аб «уцягваньні вайскоўцаў Узброеных сіл у дзейнасьць па падтрыманьні правапарадку» і накіраваў копію тэлеграм-каналу.

Праваабаронцы, ацэньваючы інфармацыю пра ўчынак Д. Урада і прынятых да яго рэпрэсіўных мер, зыходзілі зь Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна зь ім, нельга спасылацца на законы аб дзяржаўнай здрадзе і службовай тайне, калі ідзе размова аб спробе ўтаіць ад шырокай грамадзкасьці інфармацыю, якая мае законны грамадзкі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бясьпецы. Паводле праваабаронцаў, караць за пашырэньне такой інфармацыі, як за дзяржаўную здраду, нельга.

«Няма сумневу, што Д. Урад дзейнічаў у грамадзкіх інтарэсах, а абгрунтаваньне міністрам унутраных спраў мэты прыцягненьня вайскоўцаў да паліцэйскіх функцый „для аховы аб’ектаў, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове, што забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць насельніцтва і функцыянаваньне транспарту, і абʼектаў, якія ўяўляюць павышаную небясьпеку для жыцьця і здароўя людзей“ — гэта маніпуляцыя нормамі закону», — лічаць праваабаронцы. У якасьці прыкладу яны прыводзяць вёскі Бараўляны і Копішча Менскага раёну, куды плянавалася накіраваць 50 вайскоўцаў, а там такіх абʼектаў няма, а ёсьць ачагі мірнай пратэставай актыўнасьці грамадзянаў (комплекс «Новая Баравая» ў в. Копішча).

Праваабарончая супольнасьць прызнала таксама палітзьняволенай актывістку Вольгу Маёраву, якая мадэравала тэлеграм-канал Мікалая Аўтуховіча, а цяпер ёй закідаюць тэрарызм. «Нават зь сюжэту, паказанага па тэлевізіі, вынікае, што Маёрава толькі камэнтавала падзеі ад імя Аўтуховіча, ня быўшы дасьведчанай у яго канкрэтных плянах і дзеяньнях, шукаючы інфармацыю пра іх у інтэрнэце», — лічаць праваабаронцы.

Па стане на 29 красавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 360 чалавек, паведамляе «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG