Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Двайніка Ціханоўскага» асудзілі за пікет у Горадні на 6 гадоў калёніі


Аляксандар Арановіч, архіўнае фота
Аляксандар Арановіч, архіўнае фота

Кіроўцу аўтадома «Страна для жизни» Аляксандра Арановіча пакаралі 6 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд абвясьцілі ў судзе Ленінскага раёну Горадні 27 красавіка.

Гэта першы прысуд за інцыдэнт на пікеце ў Горадні 29 траўня 2020 году.

Арановіча прызналі вінаватым у тым, што ён займаўся арганізацыяй дзеяньняў у розных гарадах, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, разам са Статкевічам, Севярынцам, Ціханоўскім (ч. 1 арт. 342 КК, прысуд — 2 гады). Да таго ж яго асудзілі за падрыхтоўку да масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК, прысуд — 5 гадоў). Канчатковы вырак — 6 гадоў «шляхам частковага складаньня пакараньняў».

Суд таксама вырашыў спагнаць з Арановіча матэрыяльную шкоду ў памеры 278 рублёў. Макет тапка, зь якім затрымалі Арановіча, суд пастанавіў зьнішчыць.

На суд над Аляксандрам Арановічам прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Яго самога фатаграфаваць не дазволілі
На суд над Аляксандрам Арановічам прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Яго самога фатаграфаваць не дазволілі

Доказам, які нібыта пацьвярджаў віну Арановіча, была дымавая шашка, якую знайшлі ў ягоных бацькоў на гарышчы падчас ператрусу.

Фігурант сваёй віны не прызнаў.

Апошняе слова Арановіча заняло каля 20 сэкундаў.

«Справа падстаўленая. Доказаў няма. Абараняцца мне не далі. Усе зацікаўленыя ў тым, каб мяне пасадзіць», — сказаў Арановіч.

Справу разглядала судзьдзя Алена Пятрова, пракурор — Дзяніс Корда.

Аляксандру Арановічу 38 гадоў. Паходзіць са Старых Дарог. Разьведзены, мае малых дзяцей.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная ў выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG