Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзіка бачыць, як беларус зьбівае беларуса». Гісторыя магіляўчанкі, якую асудзілі за аркушы на бальконе


Алена Бажанава
Алена Бажанава

57-гадовая магіляўчанка Алена Бажанава ў маладосьці галасавала за Лукашэнку, а цяпер яе двойчы аштрафавалі за апазыцыйную сымболіку. Жанчына расказвае, як зьмяняліся яе погляды на жыцьцё.

23 красавіка ў Ленінскім судзе Магілёва Алену Бажанаву аштрафавалі на 1450 рублёў за правядзеньне несанкцыянаванага пікету. Як вынікае з матэрыялаў справы, жанчына не папрасіла гарвыканкам пра дазвол вывесіць на бальконе бел-чырвона-белыя аркушы паперы. Зь іх дапамогай жанчына выказвала смутак па сьмерці менчука Рамана Бандарэнкі.

Тры месяцы на іх не зьвярталі ўвагі. У сакавіку пра «апазыцыйную сымболіку» на бальконе міліцыі паведаміла суседка Бажанавай.

Пра Алену Бажанаву. Сьцісла

  • Нарадзілася ў Магілёве. Мае дваіх дарослых дзяцей.
  • Вэтэран працы. 38 гадоў адрабіла электраманцёрам.
  • З 1 сьнежня 2020 году на пэнсіі, але пакуль працуе.
  • У кастрычніку 2020-га яе аштрафавалі за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белым сьцягам.
  • Захапляецца плаваньнем і прагулкамі на ровары.

У маладосьці падтрымала на выбарах Лукашэнку, бо ён быў з народу

Алена Бажанава кажа, што ў маладосьці палітыкі старанілася, а свае тагачасныя погляды называе «нэўтральнымі». Тады ўвесь свой час яна аддавала сям’і і гадаваньню двух дзяцей.

На першых прэзыдэнцкіх выбарах прагаласавала за Лукашэнку. Кажа, ён спадабаўся тым, што «сам з народу, як і я». Акрамя таго, вылучэнец на прэзыдэнцтва абяцаў хутка вырашыць праблемы простага чалавека, які тады «ня жыў, а выжываў».

На другіх прэзыдэнцкіх выбарах Алена Бажанава галасавала ўжо за канкурэнта Лукашэнкі, імя якога прыгадаць ня можа. Яна кажа, што ў дзейным кіраўніку дзяржавы расчаравалася. Паводле яе, ён з сваіх абяцанак нічога ня выканаў, а толькі яшчэ больш стаў гаварыць.

Балькон Бажанавай з «крамольнымі» аркушамі паперы
Балькон Бажанавай з «крамольнымі» аркушамі паперы

У праўдзівасьць агучаных вынікаў галасаваньня Алена не паверыла, бо, як адзначае, шмат ейных знаёмцаў гаварылі, што аддалі галасы за альтэрнатыўнага прэтэндэнта, але перамог усё роўна Лукашэнка. Тады, кажа жанчына, яна пачала разумець, што на выбары хадзіць ня мае сэнсу, бо там ня лічаць сумленна.

Суразмоўніца прызнаецца, што не пераставала верыць тэлевізару, пакуль ёй ня стаў даступным інтэрнэт. У ім яна пабачыла іншы погляд на падзеі. Яе ўсхваляваў захоп Расеяй Крыму, які для яе застаецца ўкраінскім.

«Сумняваюся, што Лукашэнка перамог на леташніх выбарах»

Алена Бажанава кажа, што сацыяльная несправядлівасьць, нягледзячы на заявы Лукашэнкі, нікуды зь Беларусі не падзелася. Сяброўка, прыкладам, працуе ў дзіцячым садку, мае вышэйшую катэгорыю пэдагога, а зарабляе ўсяго 380 рублёў. Пры гэтым яна адказвае за 25 гадаванцаў. Стрыечная сястра, прыводзіць яшчэ адзін прыклад Алена, рабіла санітаркай у лякарні і мела заробак, ніжэйшы за пражытковы ўзровень.

«Як можна плаціць столькі чалавеку, які адрабіў месяц? З чаго ёй жыць?» — абураецца суразмоўніца.

Адна з пратэставых акцыяў у Магілёве
Адна з пратэставых акцыяў у Магілёве

Паводле жанчыны, «такія нэгатыўныя прыклады паволі зьмянялі яе погляд на жыцьцё». Пандэмія каранавірусу 2020 году, якую ўлада не заўважала, пераканала яе, што далей мірыцца зь несправядлівасьцю не выпадае.

На леташніх выбарах Алена Бажанава зьбіралася галасаваць за прэтэндэнта, якога зьняволілі задоўга да 9 жніўня. На ейны погляд, гэты вылучэнец мог зьмяніць сытуацыю ў краіне. Яна яму паверыла. Але яго зрабілі злачынцам.

«Я сумняваюся, што Лукашэнка перамог на леташніх выбарах, — лічыць Алена. — Ён нічога ўжо ня мог нават на словах прапанаваць народу, і людзі прагаласавалі супраць яго».

«Бязь сьлёз не магу слухаць гісторыі пабітых сілавікамі людзей»

Алена Бажанава кажа, што гвалту пасьля выбараў спалохалася. Ёй было дзіка бачыць, «як беларус ненавідзіць і зьбівае беларуса».

«Усё было аддадзена на водкуп міліцыі, і за беззаконьне ніводнага сілавіка не прыцягнулі да адказнасьці, — абураецца яна. — Я дагэтуль не магу слухаць бязь сьлёз гісторыі пабітых людзей, якія жывуць дагэтуль з псыхалягічнымі траўмамі».

Алена прызнаецца, што баялася тады страціць працу за тры месяцы да пэнсіі. Начальства праводзіла прафіляктычныя гутаркі, страшыла пакараньнямі за дыскусіі аб палітыцы на працоўным месцы ды звальненьнямі за ўдзел у пратэстах.

Алена Бажанава
Алена Бажанава

Акцыямі пратэсту суразмоўніца захаплялася, бо ўбачыла на іх іншых беларусаў, якія падтрымлівалі адзін аднаго і гатовыя былі ахвяраваць сабою. На яе погляд, беларусы тады былі сапраўднымі, скінулі цяжар страху і боязі.

У кастрычніку 2020 году Алену Бажанаву разам зь сяброўкай Аленай Пухоўскай затрымалі за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белым сьцягам. Жанчыны праседзелі дзень у халоднай камэры Кастрычніцкага аддзелу міліцыі. Саму Бажанаву двойчы вазілі ў ізалятар, каб пакінуць яе там, але вярталі ў аддзел. У Кастрычніцкім судзе за «несанкцыянаванае пікетаваньне з апазыцыйнай сымболікай і дэманстрацыяй сваёй нязгоды з вынікамі выбараў» яе пакаралі на 270 рублёў.

Быў эмацыйны парыў, і я вывесіла аркушы

У лістападзе, пасьля забойства Рамана Бандарэнкі, магіляўчанка наклеіла на шкло свайго балькона тры аркушы паперы: два белыя і адзін чырвоны. А ў сакавіку жанчына з суседняга дому паведаміла міліцыі, што бачыць у вакне дому насупраць «апазыцыйны бел-чырвона-белы сьцяг». Гэтая заява і легла ў аснову адміністрацыйнага перасьледу Бажанавай. У міліцыю 7 красавіка яе забралі з працоўнага месца. Па словах Алены, у Ленінскім аддзеле падчас складаньня пратаколу міліцыянты «выхоўвалі» яе крыкам. Потым учынілі агляд кватэры і забралі тэлефон.

Мэмарыял Бандарэнкі ў Магілёве
Мэмарыял Бандарэнкі ў Магілёве

23 красавіка судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Вікторыя Палякова аштрафавала яе за «несанкцыянаванае пікетаваньне і дэманстрацыю грамадзка-палітычных поглядаў» на 1450 рублёў.

Алена Бажанава на працэсе казала, што бел-чырвона-белымі аркушамі паперы выказвала смутак па Раману Бандарэнку. У яе быў эмацыйны зрыў ад навіны аб ягонай сьмерці. Белы аркуш, даводзіла яна суду, сымбалізуе сьветлую душу бязьвінна забітага, а чырвоны — ягоную кроў.

«Сяброўка маёй дачкі добра ведала Рамана. Разам зь ім вучылася ў мастацкай школе, а потым назірала, як ён сам ужо вучыў дзетак, — кажа Алена. — Ягоны ўзрост блізкі з узростам маіх дзяцей. І я ўяўляла, як сама б успрымала гора ад сьмерці сваіх дзяцей ды як зь іх, забітых, зрабілі б вінаватых, бо былі п’яныя. Такія былі мае перажываньні, таму і вывесіла аркушы. Такі быў эмацыйны ў мяне парыў».

Скаржніца ў суд не зьявілася. Алена Бажанава кажа, што нават ня ведае, як выглядае тая жанчына, якая, на яе думку, паскардзілася таму, што «мае нэгатыўнае стаўленьне да белых і чырвоных колераў».

Працоўны кантракт у Алены Бажанавай канчаецца 30 чэрвеня, і, паводле яе, начальства не зьбіраецца яго падаўжаць. Яна сумняваецца, што ёй дадуць дапрацаваць два месяцы, бо кіраўнік прадпрыемства не хавае: «як яму загадаюць яе звольніць раней, то так і зробіць».

Жанчына кажа, што начальства правяло ўжо зь ёю прафіляктычную гутарку, але «ўціску за погляды няма». Калектыў яе падтрымлівае.

Суразмоўніца зьбіраецца абскарджваць прысуд, але «ня надта верыць, што рашэньне судзьдзі Паляковай будзе перагледжана». Яна спадзяецца, што ёй дазволяць выплачваць штраф часткамі. Заробку і пэнсіі ня хопіць, каб адразу сплаціць прысуджанае. Разьлічвае на дапамогу дзяцей.

Алена Бажанава
Алена Бажанава

У Алены Бажанавай чатыры ўнукі. Яна дзесяць гадоў захапляецца прагулкамі на ровары. На ім прыяжджае на працу. Да гэтай тэхнікі яе прывучыў сын, а потым дзеці падарылі і сам ровар.

Жанчына любіць плаваць. З шасьці гадоў бацькі вазілі яе на мора, дзе яна і ўпадабала гэты занятак. Доўгі час наведвала басэйн. Нават удзельнічала ў спаборніцтвах, але прызавых месцаў не займала. Алена прызнаецца, што аддае перавагу ўсё ж плаваньню для самой сябе. Гэта дазваляе падтрымліваць сябе ў тонусе, кажа яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG