Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва, Латвія і Эстонія высылаюць расейскіх дыпляматаў у знак салідарнасьці з Чэхіяй


Надпіс на сьцяне каля амбасады Расеі ў Празе, 22 красавіка 2021
Надпіс на сьцяне каля амбасады Расеі ў Празе, 22 красавіка 2021

Літва абвясьціла пэрсонамі нон грата двух расейскіх дыпляматаў, Латвія і Эстонія — па адным супрацоўніку амбасады Расеі.

Такое рашэньне прынята, як гаворыцца ў паведамленьнях зьнешнепалітычных ведамстваў трох краін, у знак салідарнасьці з Прагай з прычыны «незаконных дзеяньняў расейскіх выведных службаў» у Чэхіі.

МЗС Латвіі падкрэсьлівае, што Рыга зацікаўленая фармаваць адносіны з Масквой на аснове ўзаемнай павагі, міжнароднага права і прынцыпаў Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах. «Дзеяньні Расеі ўжо працяглы час сьведчаць аб сыстэматычных парушэньнях гэтых прынцыпаў і аб пагаршэньні сытуацыі зь бясьпекай», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

МЗС Літвы паведамляе, што рашэньне было прынята пасьля ўзгадненьня з латвійскім і эстонскім бакамі.

Раней стала вядома, што Расея высылае пяць супрацоўнікаў амбасады Польшчы ў Маскве. Гэтае рашэньне прынята ў адказ на рашэньне Варшавы выслаць трох расейскіх дыпляматаў, прысутнасьць якіх у Польшчы назвалі непажаданай. Польскія дыпляматы павінны пакінуць Расею да 15 траўня.

Чэскія ўлады раней заявілі аб датычнасьці расейскага ГРУ да выбухаў на складзе боепрыпасаў у вёсцы Врбэціце ў 2014 годзе. Гэтую дывэрсійную апэрацыю, паводле заявы чэскага МЗС і спэцслужбаў, курыравалі супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў у амбасадзе РФ у Празе, якія выкарыстоўвалі дыпляматычнае прыкрыцьцё.

Прага пасьля гэтага выслала 18 расейскіх дыпляматаў, у адказ Расея выслала 20 супрацоўнікаў амбасады Чэхіі ў Маскве. Кіраўнік МЗС Чэхіі Якуб Кулганэк запатрабаваў, каб Расея вярнула ўсіх высланых чэскіх дыпляматаў, аднак адказу не было. Як вынік, Чэхія абвясьціла аб дадатковым скарачэньні колькасьці расейскіх дыпляматаў у Празе. Раніцай 23 красавіка Кулганэк паведаміў, што Чэхія і Расея будуць мець па 32 супрацоўнікі ў амбасадах у Маскве і Празе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG