За рэзалюцыю прагаласавалі пераважная большасьць дэпутатаў ПАРЭ (106 чалавек), супраць выступілі 26 чалавек: члены расейскай дэлегацыі, а таксама прадстаўнікі Азэрбайджану і Армэніі.
ПАРЭ заклікае Маскву выканаць таксама рашэньне Эўрапейскага суду па правах чалавека па справе «Іў Рашэ», па якім Навальны адбывае тэрмін у калёніі. Расеі неабходна вызваліць Навальнага да наступнага пасяджэньня камітэта міністраў Рады Эўропы па тэме абароны правоў чалавека (заплянавана на пачатак чэрвеня 2021 году).
Акрамя таго, у тэксьце рэзалюцыі дэпутаты заявілі пра парушэньні Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека. Там адзначаецца, што стан здароўя расейскага апазыцыянэра значна пагоршыўся за час утрыманьня пад вартай: «Многія аспэкты ўмоваў яго ўтрыманьня выклікаюць дадатковыя пытаньні аб адпаведнасьці Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека, у тым ліку тое, што яго скаргі на праблемы са здароўем засталіся без адказу».
Эўрапейскі суд па правах чалавека 19 красавіка паведаміў, што будзе разглядаць справу аб парушэньні ўмоў утрыманьня Навальнага ў калёніі ў прыярытэтным парадку.