Міністэрства юстыцыі вывучыць, ці існуе мадэль «неканстытуцыйных або незаконных дзеяньняў паліцыі», заявіў генэральны пракурор Мэрык Гарланд.
Гэтыя захады выкліканыя масавым абурэньем з прычыны забойства Флойда Дэрэкам Шовінам.
У аўторак былы паліцыянт быў асуджаны паводле ўсіх пунктаў абвінавачаньня, выстаўленых супраць яго.
Шовін, затрымліваючы Флойда, ужыў да яго прыём здушэньня, які прывёў да сьмерці. 46-гадовы Флойд ня быў узброены. Ён прасіў паліцэйскага аслабіць фізычны ціск, паўтараючы, што ня можа дыхаць.
Паліцыю выклікаў супрацоўнік крамы, які западозрыў, што Флойд расплаціўся фальшывай 20-даляравай купюрай. Момант затрыманьня быў зьняты мінакамі на відэа.
Сьмерць Флойда выклікала пратэсты ў ЗША і ва ўсім сьвеце і заклікі да рэформы ў паліцыі.
Генэральны пракурор заявіў, што расьсьледаваньне «будзе ўключаць усебаковы разгляд мэтадаў Дэпартамэнту паліцыі Мінэапалісу, навучаньня, нагляду і расьсьледаваньня ўжыцьця сілы».
Гарланд сказаў, што для пасьпяховага расьсьледаваньня ў ім павінны браць удзел і грамадзтва, і праваахоўныя органы.
Калі будуць выяўленыя незаконныя мэтады працы, ён паабяцаў апублікаваць публічную справаздачу і падаць грамадзянскую позву.