24 сакавіка пасьля шасьці гадоў зьняволеньня выйшаў на свабоду беларускі асьветнік і мытнік Алесь Юркойць. На працягу ўсяго гэтага часу Алесь быў героем многіх публікацый Свабоды і кнігі Сяргея Дубаўца «Тантамарэскі», дзе расказваецца пра маштабны судовы працэс над мытнікамі памежнага пераходу Каменны Лог.
Сёньня мы публікуем вялікую гутарку зь Юркойцем, якая адбылася ў ягонай сядзібе ў мястэчку Варняны на Астравеччыне.
«Для мяне гэта была вайна»
«Перакананы, што лягер — заўжды адмоўная школа. Нікому ніколі нічога станоўчага лягер ня даў і ня мог даць». З гэтай цытаты самага знакамітага дасьледчыка ГУЛагаўскага нутра, Варлама Шаламава, мы і пачалі нашу размову.
«Я цалкам згодны з Шаламавым, — кажа Алесь Юркойць. — Цяпер я разумею старых вязьняў. Быў такі Генрых Багдановіч, у Варнянах жыў. Дзесяць гадоў у Нарыльску адсядзеў. Яны не любілі на гэтую тэму размаўляць. Як і франтавікі. Акопны сапраўдны франтавік, ён ня будзе любіць успамінаць вайну. У адрозьненьне ад тылавога пацука, які прыгожа раскажа з таго, што пачуў ад акопнікаў. Так і ў турме. Прыхільнік блатной субкультуры, ён будзе расказаць, як гэта ўсё прыгожа, рамантычна, цікава. Ёсьць яшчэ катэгорыя людзей, якія ўспрымаюць турму як санаторый. Але для мяне гэта, у кожным разе, была вайна».
Мы шпацыруем па Варнянах у бок вострава з вартавой вежай, рэшткаў палацава-паркавага ансамбля магнатаў Абрамовічаў. Шэсьць гадоў таму, калі Алесь быў на свабодзе, гэтым востравам яшчэ апекаваўся калгас. У самой вежы былі гасьцявыя пакоі. У колішнім абрамовіцкім млыне на другім беразе была банкетная заля. Цяпер паўсюль пануе «мерзость запустения». Лепш за гэтае выслоўе і ня скажаш. Бо за апошнія гады сканаў той калгас.
Алесь крыху разгублена азірае невясёлы краявід. У тым млыне ён калісьці адзначаў сваё вясельле, а ў вежы, дзе зараз валяецца бруднае рызьзё і гломазд, у Алеся была першая шлюбная ноч. А дзе ж яшчэ шлюбавацца рыцару, як ня ў замку на востраве?
«Там я адчуваў пульс жыцьця, а тут не адчуваю. Там кожны дзень складаецца з маленькіх размоваў, зь людзей, зь якімі сустракаесься. З гэтых размоваў тчэцца жыцьцёвы дыван турэмнай штодзённасьці. Дык вось, вольнай штодзённасьці мой дыван яшчэ не саткаўся. Пакуль толькі нейкія аднатонныя суворыя ніткі. Але паціху, з сустрэчаў, з размоваў, я пачну адчуваць гэты пульс. Там было ўсё проста і зразумела. Думаць ня трэба было. Там за мяне ўжо падумалі адмыслоўцы».
«На мытню пайшоў, бо выбар працы на вёсцы невялікі»
Паводле сваёй першай адукацыі Алесь Юркойць — настаўнік. І мне заўжды было неяк крыўдна, што сваёй галоўнай справай ён займаецца ў вольны ад асноўнай працы час.
«Ці было шкадаваньне, што зьвязаўся з мытнай службай? Дык я ж фаталіст. А ад свайго лёсу хіба ж уцячэш? Я ж спачатку ў школу пайшоў працаваць. Першае маё месца працы — Вілейская гімназія. Больш за тое, я быў клясным кіраўніком у шостай клясе. Я зьбіраўся сваю клясу давесьці да выпускнога. Не атрымалася. Мяне ж адтуль паперлі. Без аргумэнтацыі і камэнтароў.
Разуменьне, наколькі бываюць людзі подлыя, прыходзіць толькі з гадамі. Слухаць людзкую дурасьць са спакойным выразам твару я не магу. Калі ў мяне гэта выклікае ўсьмешку, я буду ўсьміхацца. І ў настаўніцкай, калі мы сядзелі на пэдагагічных нарадах... Мне пасьля калегі казалі, што я дык свайго твару ня бачу, а дырэктар бачыць. А як можна было спакойна слухаць дырэктара, які навязваў нам вывучэньне „Дыянэтыкі“ Рона Хабарда? Усе настаўнікі мусілі пад канспэкт вывучаць гэтую псэўданавуковую працу. Якая пазьней была аднесеная да дэструктыўнага псыхакульта. І гэта была ідэя дырэктара. І гэта толькі адзін штрышок. Там шмат было цікавостак. І многія настаўнікі яе вымушана вывучалі. Я яе толькі вачыма прабег, як зразумеў, што гэта дэструктыўная кніга.
А потым была завочная вучоба на юрфаку. І ў 1995-м годзе пачалася мая служба ў мытні. Выбар жа невялікі для працы ў вёсцы. А зараз яшчэ меншы. Я вось вярнуўся, а калгас ужо ляснуў».
«У Міхалішках і ў Варнянах былі свае кнігарні!»
Мы ідзем каля крамы гаспадарчых тавараў. Зараз у гэта цяжка паверыць, але за саветамі тут была кнігарня. Зараз кнігарні маюцца ня ў кожным раённым горадзе, а тады яны былі ў вёсках і мястэчках. Я сам, перад сконам СССР, аб’езьдзіў у ваколіцах Гомля колькі правінцыйных кнігарняў. І заўжды ўлоў быў багаты. Кнігі, якія немагчыма было набыць у абласных сталіцах, можна было знайсьці ў правінцыі.
«Я памятаю сваю першую кнігу, якую захацеў купіць. Паколькі ў мяне былі дзьве старэйшыя сястры, бібліятэка ў хаце была заўсёды. І някепская. Беларуская клясыка, сусьветная, расейская.
Але я памятаю, як аднойчы зайшоў у Варнянскую кнігарню. У мястэчках, і ў Міхалішках, і ў Варнянах былі свае кнігарні! І я памятаю, убачыў кнігу — адзін з тамоў Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Па Горадзенскай вобласьці. Кніга каштавала сем рублёў дваццаць капеек. Гэта велізарныя на той час грошы. Зразумела, што бацькі даць мне іх на той момант не маглі. І я думаў — як гэтую кнігу набыць? Яна так мяне захапіла! Я яе ў краме ўсё гартаў, гартаў... Мне дапамагла мая сястра Ганна. І я ўсё жыцьцё ёй удзячны. Я памятаю, як яна мне дала 7.20.
Пасьля, у сталым узросьце, я ў „Букіністу“ выкупіў увесь „Збор помнікаў“. Але той першы том для мяне асаблівы. Мая цікавасьць да краязнаўства з малых гадоў.
Яшчэ мне вельмі запомнілася, у 1988-м годзе ў Астравец Адам Мальдзіс прывёз Юрку Голуба, Сяргея Панізьніка. І яны правялі такую цікавую творчую сустрэчу зь віктарынай. І я выйграў кніжку „Кастусь Каліноўскі“. Зь юнацтва мяне найперш цікавіла тое, што рабілася на Астравеччыне. І калі я знаходжу ў таго ж Караткевіча ў „Крыжы Аняліна“ апісаньне падзей 1863 году на Астравеччыне, мяне гэта захапляе. Дарэчы, падчас той творчай сустрэчы ў Астраўцы адбывалася прэзэнтацыя кнігі Адама Мальдзіса „Восень пасярод вясны“. Якая таксама апісвае паўстанцкія падзеі, зьвязаныя з Астравеччынай».
«Пра тое, хто такі Зьміцер Дашкевіч, даведаўся пасьля»
Алесь кажа, што хоча выкрасьліць з памяці турму і мытню. Але ж сам я пазнаёміўся найперш з мытнікам Юркойцем. І тое знаёмства, і той урок, які мне зрабіў беларускі настаўнік Алесь Юркойць не забуду ніколі. Я пра гэта напісаў у кнізе «Клініка кітайскага дантыста». Таму ня выцягнуць з майго героя якую мытную гісторыю я ня мог.
«Памятаю, была цікавая гісторыя са Зьмітром Дашкевічам у цягніку, працягвае Алесь Юркойць. — Я ня ведаў на той момант, хто ён такі. Я праходзіў праз вагон, а ў купэ стаяў памежнік і правяраў пашпарт у маладога дзецюка. Я праз плячо заўважыў — «Дзьмітрый Дашкевіч». І яшчэ заўважыў, што ў яго ў руках была газэта «Малады фронт». Думаю з калегамі — трэба вярнуцца, пазнаёміцца. Што за малады чалавек?
Так і зрабілі. Заходзім утрох. А ў нас форма такая — скуранкі. Можна падумаць, што таварышы з адмысловай службы. Зайшлі ў купэ. Я кажу: «Добры дзень». «Добры дзень». «Вы Дзьмітрый Дашкевіч?» «Так». Мы прыселі, ён крыху зьбянтэжыўся. «Што Вы чытаеце? „Малады фронт?“» «Так, — кажа, — магу і вам даць пачытаць». «Не, — кажу, — Дзякуй вялікі. Чытайце». Колькі хвілінаў паразмаўлялі і выйшлі. А пасьля гэтая гісторыя мела працяг. Я калі езьдзіў на працу, заўжды слухаў Радыё Свабода. І тут чую ў выпуску навінаў, што ў цягніку ў такі дзень адбылася спроба вярбоўкі супрацоўнікамі дзяржбясьпекі Зьмітра Дашкевіча. А пасьля мне прыйшла газэта «Наша Ніва», дзе ў калёнцы «Хроніка рэпрэсіяў» было напісана тое самае. Я прынёс гэтую газэту на працу. Паказаў калегу, зь якім заходзіў у купэ. «Падзівіся, за каго нас прынялі». Ён прачытаў і аж спалохаўся. «Схавай гэтую газэту». «Бач, — кажу, — што людзі думаюць пра нас?» А пасьля я ўжо даведаўся, хто такі Зьміцер Дашкевіч.
«У нечым я паўтарыў лёс дзеда»
Я толькі ў гэты прыезд да дому да Алеся зьвярнуў увагу на старую, цудоўнай цясьлярскай работы, цёмную лякіраваную шафу. Захацелася нават працытаваць рэпліку Гаева з чэхаўскага «Вішнёвага саду». Пра «глубокоуважаемый шкаф». Але ж стрымаўся. Гаеўская клаўнада тут зусім недарэчы. Гісторыя гэтай шафы цягне на раман. Гэта сапраўдная радавая рэліквія.
«Мой дзед па маці, Аляксандар Грагоўскі. Мяне і назвалі ў ягоны гонар. Насуперак жаданьню маці, якая хацела мяне бачыць Эдуардам. А бацька і дзядзька Арнольд пайшлі і зарэгістравалі ў сельсавеце Аляксандра. У нечым я, атрымліваецца, лёс дзеда паўтарыў.
У яго быў клясычны лёс жыхара Заходняй Беларусі. У 1939 годзе быў прызваны ў польскае войска. Па сканчэньні кароткай польска-нямецкай вайны апынуўся ў лягеры. У вядомым лягеры ў Казельску. Катынь, Асташкаў, Казельск. Вядомыя месцы расстрэлаў. Выжыў, бо быў не афіцэр. Салдатаў з Заходняй Беларусі адпусьцілі дахаты. Памятаю, бабця расказвала, як ён завашыўлены, праз усю Беларусь пехатой дайшоў.
А пасьля вайны стваралі калгасы, у якія ніхто не хацеў уступаць. А ў майго дзеда самая лепшая хата была ў вёсцы Стаўбуры. Мы сядзім цяпер у хаце, якую пабудавалі мой дзед і бацька, але ў 1958 годзе. А тая хата была пабудаваная ў міжваенны час. Такога ж памеру, зь вялікімі вокнамі, толькі яшчэ дахоўкаю крытая. І яго хацелі раскулачыць. Лічылі, калі ён першым уступіць у калгас, дык усе ўступяць. А як ён адмовіўся, дык вырашылі паказальны суд зрабіць. У Астраўцы яго судзілі. Але ён уцёк з-пад варты. Хтосьці дапамог яму. На каня і ў лес. Апынуўся ў Вільні, уладкаваўся там на працу. А пасьля адзін чалавек зь вёскі Баброўнікі яго высачыў. Прасачыў, дзе дзед здымаў кватэру. І ў адпаведную кантору прасыгналіў. МГБшнікі прыйшлі яго браць. Была позьняя восень, ужо сьнег ішоў. І цётка, якая здавала пакой, зразумела, што прыйшлі людзі з «органаў». Не адчыняла дзьверы спачатку і дала дзеду ўцячы. Ён схапіў кажух і праз вакно ўцёк.
Пасьля вайны шмат розных бажаволкаў хадзіла, жабракоў. У тым ліку і босыя маглі хадзіць. І вось так, удаючы зь сябе бажаволка, ён прайшоў праз аблаву. Ідзе няшчасны, босы, у кажуху. І выйшаў зь Вільні. І пасьля хаваўся па розных вёсках, па сваяках, па сябрах. Ён цесьляром быў, рабіў добрую мэблю. І вось так ён жыў у каго ў хаце, яго кармілі, і нават зарабіць мог. Хаваўся ён па вёсках, далёкіх ад Варнянаў, побач з Клюшчанамі. Я нават пасьля знаходзіў мэблю, зробленую ягонымі рукамі. У многіх вёсках мяне пазнавалі, калі даведваліся, хто я. Дзеда майго памяталі. Цяпер вось у мяне ў хаце ёсьць гэтая шафа. Я яе ў людзей выкупіў. І ніхто яго ня выдаў! А ў 1953 годзе прыйшоў нейкі ўпаўнаважаны да маёй бабулі і сказаў: «Мы знаем, что ваш муж в Ленинграде. Прячется. Можете передать ему — пусть возвращается домой. Ничего ему не будет». Думалі, што ў Піцеры, бо ў яго брат там жыў. Але ж трэба было прадэманстраваць сваю ўсюдыісную абазнанасьць. Але і сапраўды, ён вярнуўся і нічога ўжо не было.
Я памятаю матулін успамін. Ён пераказаў празь людзей, недзе на кірмашы, каб у пэўны дзень, на ўзьлесак каля Газы мая бабця прыйшла разам з матуляй. І яны, мінаючы вёскі, праз палі ішлі туды. Уначы! Увайшлі ў лес той газянскі. А дзед ужо пачуў крокі, але ж ня ведаў, хто гэта прыйшоў. Можа, аблава па яго? І пачаў сыходзіць у глыб лесу. Яны ідуць да яго, а ён уцякае ў гушчар. Пакуль не пазнаў галасы. Тады выйшаў. Ён ровар з сабой прывёз для матулі. Прыехаў на заробленым ровары. Матуля заўсёды ўспамінала, што на фэсты ў касьцёл езьдзіла на ровары, які дзед падарыў. І мая маці, як старэйшая зь дзяцей, яна з 1935 году была, ставіла на ногі ўсю сям’ю. І касіла, і арала. Усё было на яе плячах».
«Маці не дачакалася. Я прайграў»
Колькі разоў я бываў у гэтым доме, калі жыла Галіна Аляксандраўна, маці Алеся. Колькі разоў сядзеў разам зь ёй за сталом. Выпіваў, сьпяваў, нахвальваў яе прысмакі. І ні разу не пагаварыў пра былое. Я ў скрусе сказаў пра гэта Алесю. Ён, здалося, стрымаў сьлязу.
«Я найбольш шкадую, што маці мяне не дачакалася. Я ўсё адкладаў на пасьля. Думаў — будзе час, яшчэ пагаворым. Аказалася, што ня будзе гэтага часу. Таму жыць трэба толькі тут і толькі цяпер. Усё мне часу не хапала. Усё нейкія людзі, справы, праца. Усё пасьля, пасьля. Бо маці ж заўсёды ў хаце, усё пасьпееш. Не пасьпеў.
Калі мяне пасадзілі ў турму, я лічыў — калі маці мяне дачакаецца, то, што б ні здарылася са мной, я ўсё роўна выйграю. А як яна не дачакаецца, то я прайграю. Маці мяне не дачакалася, на вялікі жаль. Я прайграў. Засталася няскончаная справа. Вельмі важная. І такі цяжар на душы... Я думаў, што абавязкова пасьпею... Ня кажучы ўжо пра тое, што ня мог падумаць, што я на пахаваньні маці прысутнічаць ня буду. Я быў упэўнены, што, як бы ні склалася жыцьцё, дзе б я ні быў, усё роўна прыеду. Я і дахаты ў 1994-м таму і вярнуўся, што бацькі ўжо старэнькія былі. Так жыцьцё складвалася. Але ж я казаў, што я фаталіст».
«Думкамі як мага менш знаходзіцца ў турме»
Алеся забралі напярэдадні 25 сакавіка, у 2015-м. У лепшых традыцыях НКВД-МГБ. Проста з дому. «И меня два красивых охранника повезли из Сибири в Сибирь». Адзін ахоўнік аслупянеў перад колькасьцю ўбачаных кніг. Напэўна, упершыню ўбачыў сапраўдную бібліятэку.
«На календары прайшло шэсьць гадоў, а для мяне, па адчуваньні, прайшоў нібы адзін доўгі дзень. Я памятаю, якая трава была 24 сакавіка 2015-га. Я памятаю, якое надвор’е было. Я памятаю, як я заехаў да знаёмых, які ўзьлесак быў. Я ўсё памятаю. Для мяне гэта ўчора было. Усё перад вачыма стаіць. Памятаю, як дахаты ехаў. Як да матулі зайшоў апошні раз. Гэта ўчора было!
Для вас шэсьць гадоў прайшло, а для мяне яны не прайшлі. У мяне іх ня было. Я вярнуўся ў той самы час, а час зьмяніўся. А я гэтага пакуль не адчуваю. Учорашні дзень — гэта манатоннае сядзеньне ў падвале, бэтонныя дворыкі для прагулак бязь неба. Гэта адзін доўгі-доўгі дзень. І калі я размаўляю пра гэта, я нібы ізноў сяджу. Гэта ўсё туды вяртае.
Час займаў па-рознаму. Галоўнае, каб галава была ўвесь час занятая. Думкамі як мага менш знаходзіцца ў турме. Калі чалавек ня думае пра турму, ён вольным застаецца ўнутры. Вельмі шмат ліставаўся, чытаў кнігі, нейкія размовы. У нарды навучылі мяне гуляць. Некалькі партый згуляеш, ужо нейкая мінімальная разрадка. Гадзіна шпацыру ў дворыку. Крыху тэлевізару. Фізычныя практыкаваньні. Гэта ўсё ратуе.
Але найперш, якімі б цяжкімі ні былі ўмовы жыцьця, найперш, безумоўна, важна — з кім ты сядзіш. Чалавечы фактар найважнейшы. Калі добрыя людзі побач, то сядзіцца лёгка. А калі кепскія людзі, то якія б камфортныя ўмовы ні стварылі, усё роўна будзе кепска.
Сфармаванага чалавека вельмі складана зьмяніць. А праявіцца ў экстрэмальных абставінах чалавек можа вельмі хутка. І там адразу відаць, хто ёсьць хто. Здаецца, ну навошта станавіцца стукачом? Ты ж ужо ў турме? Але, калі адсутнічае маральная мяжа, то хтосьці за некалькі гадоў волі гатовы блізкага свайго ўтапіць, пасадзіць. Хтосьці за умоўна-датэрміновае вызваленьне, а хтосьці за дадатковую перадачу ежы з волі. У кожнага свой стандарт людзкасьці».
Тэрмін у сем гадоў Юркойцю быў выпісаны бяз доказаў. Толькі на падставе сьведчаньняў ягонага калегі.
«Мне нецікавы лёс Чэпіна (калега Юркойця, які сьведчыў супраць яго і супрацоўнічаў са сьледзтвам. Атрымаў 5 гадоў калёніі. — РС). Але людзей я ніколі не асуджаю. Ніякіх людзей. Нікога. А толькі людзкія ўчынкі. Людзей нельга асуджаць. Хто мы такія? Мяне палохае нават гіпатэтычная магчымасьць, калі б мне трэба было некага судзіць. Як судзьдзя бярэ на сябе гэтую адказнасьць? Ламаць лёс чалавеку... Лёс сям’і ламаць... Дзяцей... Гэта вельмі складаная маральная адказнасьць, узяць такое на сябе.
Я раней нават думаў, што магу адвакатам працаваць. Прайшоўшы праз усе працэсы, я зразумеў, што ў нашай дзяржаве, я б не хацеў і адвакатам быць. Хаця вось гэта якраз маё, унутранае. Бараніць людзей. Калі казаць пра нейкія прафэсійныя карпарацыі ці цэхі, то цікава, што... Можа мне такія людзі трапляліся добрыя... Але якраз найперш мытнікі і МНСнікі. Як правіла, вельмі прыстойныя, добрыя людзі. У турэмным жыцьці. А пра тых... Я з клеткі сказаў усё, што я думаю пра іх. Пасьля выраку. А вяртацца думкамі назад у мяне ніколі жаданьня не было. Трэба ня жыць учорашнім, а наперад глядзець. Гэта датычыць як кожнага з нас, так і нацыі ў цэлым. Навошта думаць пра тое, што мы ня можам зьмяніць? Трэба думаць пра тое, што мы можам зьмяніць заўтра. Учорашні дзень можна аналізаваць. Але толькі для таго, каб найлепшым зрабіць свой дзень заўтрашні. Ніяк іначай.
Я фаталіст у сэнсе зададзенасьці, але ня ў сэнсе безвыходнасьці. У кожнага чалавека ёсьць нейкая жыцьцёвая праграма і ты на яе заведзены, як той гадзіньнік. Ты павінен працаваць. Я ў гэтым сэнсе фаталіст. А ня ў тым, што ўсё безвыходна. Усе людзі падаюць, ідучы па жыцьці. Але ня кожны можа падняцца. Аднак, трэба падымацца і ісьці далей».
«Высьцерагацца подлых людзей»
Я бачу, што гаварыць пра няволю Алесю непрыемна. Юркойць і савецкая турма зь яе субкультурай, зь яе мовай, зь яе песьнямі занадта несумяшчальныя. Але ўсё роўна скіроўваю нашу размову на тэму.
«У ізалятары нашмат прасьцей сядзець. Бо камэры малыя. Адпаведна ўсе людзі, як на далоні. І ты хутка разумееш, хто перад табой ёсьць, чаго ад каго можна чакаць. Адпаведна калектыў фармуецца маленькімі групкамі. Мне трапляліся вельмі добрыя людзі заўсёды. На ўсіх турэмных этапах. У кожнай камэры без выключэньня трапляліся выдатныя асобы. А ў калёніі прасьцей у фізычным сэнсе. Бо ты ўжо бачыш нарэшце неба незакратаванае. Але людзкі матэрыял больш размываецца там. Бо людзей шмат.
Са мной пэўны час сядзеў адзін менскі інжынэр. Ён каля двух месяцаў прабыў у такой «хаце», дзе а шостай раніцы пад’ём і на цэлы дзень уключалася гучная музыка. У камэры сядзелі бамбізы здаровыя. Якія фізычна яго не чапалі, але якія ўвесь час словамі да гэтага падводзілі. Што, маўляў, будзем біць, будзем цябе ламаць і гэтак далей. Маральна ламалі чалавека. І калі ты так сядзіш працяглы час, можна звар’яцець. І ў людзей дах едзе. А як трымалі Тадэвуша Высоцкага (мытнік, калега Юркойця, які таксама не прызнаў віну. — РС)? Яго трымалі ў страшэннай вільготнай камэры, з мокрым матрацам. У нялюдзкіх умовах. Улічваючы стан ягонага здароўя. Мэтады розныя бываюць. Ёсьць далікатныя мэтады. Праз сэксотаў. Спрабуюць панібрацтва разводзіць, «сяброўства» так званае. Размаўляць можна пра што заўгодна, але галоўнае не нашкодзіць ні сабе, ні людзям.
Чаго варта заўсёды высьцерагацца — подлых людзей. Можна сядзець у суседніх камэрах і мець абсалютна розны досьвед. Адзін скажа — усё добра было! Цудоўныя людзі, цікавыя размовы. А другі будзе жахі расказваць. І той, і другі будуць мець рацыю. Ня так істотна, дзе ты сядзіш, важней — з кім. З трыццаці пяці месяцаў, я пяць месяцаў праседзеў у падвале. У прамым сэнсе. Ніжэй узроўню зямлі. Сырасьць, мокрыя торбы, вада па сьценах улетку цякла і грыбы па сьценах расьлі. Цёмныя казэматы з жалюзі на вокнах. Усе камэры на Валадарцы з жалюзі за выняткам дзьвюх камэр, куды камісіі водзяць. Дзе рамонт зроблены і вокны сьветлыя. А гэта ж усё на здароўе ўплывае. Адна справа да трох месяцаў, як у заканадаўстве прапісана, адседзець. Хай сабе і з жалюзі на вокнах. І іншая справа 35 месяцаў».
«0,04% апраўдальных прысудаў»
Мяне ўразілі лягерныя канспэкты Юркойця. Тоўстыя агульныя сшыткі, шчыльна запоўненыя тым, што зацікавіла незвычайнага чытача. Дакладна, больш уважлівага наведніка ў лягернай бібліятэкі доўга яшчэ ня будзе.
Тут вытрымкі і цытаты з усіх галінаў чалавечай дзейнасьці. З фальклёру, з мэдыцыны, зь філязофіі, з багаслоўя, з мастацтвазнаўства. Вось цытаты з Бруна Бэтэльгайма, псыхоляга і вязьня Дахаў. Я і ня ведаў пра такую Алесеву звычку. Заўжды занатоўваць самае сутнаснае, каб не забылася. Вось цытата з грэцкага багаслова Паісія Сьвятагора.
«Многія людзі ламаюцца, спрабуюць прыстасавацца да сыстэмы, падладзіцца да той субкультуры, якая там існуе. А клімат у камэры залежыць ад людзей. Які касьцяк, такая там і субкультура. Калі людзі ва ўзросьце, інтэлігентныя, дык і моладзь будзе сябе паводзіць прыстойна. Беручы прыклад са старэйшых. А мне, дзякуй Богу, заўсёды трапляліся ў камэрах людзі старэйшага ўзросту. Я зь імі лягчэй сыходзіўся. А па-другое, людзі культурныя. Так шмат зараз сядзіць. На вялікі жаль. Вядома, прыемна мець зносіны з такімі людзьмі. У нейкім сэнсе, гэта плюс турмы — што нідзе б не пазнаёміўся з такімі людзьмі, як той жа Аляксей Іванавіч Саушкін.
Чалавек з Валгаградзкай вобласьці Расеі. Прыехаў у Беларусь, наглядзеўшыся тэлеканала «Беларусь 24», начытаўшыся ў друку і ў сеціве, якая Беларусь краіна цудоўная. Як у нас эканоміка разьвіваецца. Як у нас усе запушчаныя заводы працуюць. З радасьцю прыехаў. Набыў дом у Дуброўне. А скончылася ўсё дзікунскім турэмным выракам, незразумела за што. Высылкай зь Беларусі, пазбаўленьнем віда на жыхарства. Давялося нават дом за паўцаны прадаваць.
Ягоная справа — трызьненьне вар’ята. Наколькі я памятаю, ён набыў нейкі датчык. Афіцыйна, у адкрытым доступе. Празь сеціва, у расейскай фірме. А пасьля яго абвінавачвалі ў шпіянажы на карысьць Ірана. Такое сур’ёзнае абвінавачваньне і прысуд — тры з паловай гады. І за ўвесь час, што ён адседзеў, а гэта паўтары гады, адбылося толькі дзевяць пасяджэньняў. І такіх спраў хапае. І гэта чалавек, які ў сваім сяле, у Краішаве, помнікі ставіў вэтэранам. Карацей, сапраўдны савецкі чалавек вырашыў вярнуцца ў СССР. Пажыць у краіне сваёй маладосьці. У савецкім раі. Перадача такая была «Советский Союз глазами зарубежных гостей». Вось яму вочы прыадчынілі на савецкую рэчаіснасьць. Ён даваў чытаць сваю справу. Экспэрт піша «ня можа быць таварам падвойнага прызначэньня. Трэба адпускаць». А адпусьціць у нас ня могуць.
Гэтыя два адсоткі апраўдальных выракаў — гэта няпраўда. Чалавеку спрабуюць максымальную колькасьць артыкулаў інкрымінаваць. Напрыклад, пяць артыкулаў табе інкрымінуем. Два адваліліся. Не змаглі даказаць. Вось яны і ідуць у апраўдальную статыстыку. І як сказаў мне адзін судзьдзя, апраўдальных прысудаў у нас — 0,04 %. Чатыры сотыя! Па сутнасьці, іх няма. Па статыстыцы чалавек апраўданы, а ў рэальнасьці ён у турме».
«Калі адчуюць, што ты баісься — зацкуюць»
Сярод безьлічы лістоў, якія прыходзілі да Юркойця як зь Беларусі, так і з вольнага сьвету маю ўвагу прыцягнулі паштоўкі школьніка Янкі Шэіна. Любімага карэспандэнта вязьня замка Віцьба. Асабліва кранула акуратная праца лягернага цэнзара, які падкарэктаваў беларускі сьцяг на дзіцячым малюнку.
«Беларуская мова ў турме — для мяне гэта магчымасьць заставацца самім сабой. Гэта абсалютна натуральна для мяне. Безь ніякага патасу. А гэта, часам, вельмі складана. Ня ў сэнсе беларускай мовы, а ў сэнсе заставацца самім сабой, заставацца чалавекам у нялюдзкіх умовах.
Беларуская мова хутчэй дапамагала ў розных сытуацыях. Ну, былі рэдкія выпадкі, як з начальнікам опэраддзела ў Віцьбе. Гэта, вядома, непрыемна. Я не разумею, як беларус можа задаваць пытаньне іншаму беларусу — чаму ты размаўляеш на беларускай мове? А з боку сядзельцаў... пачынае нехта гаўкаць, то разумееш, што там сярэдзіна адсутнічае, а занадта ветлівыя паводзіны ўспрымаюцца, як слабасьць. І часам трэба вельмі жорстка адказаць. Адзінае — ні ў якім разе нельга на асобы пераходзіць. Нельга абражаць чалавека. За гэта давядзецца адказ трымаць. Гэтага нельга рабіць ні ў якім выпадку. І прамаўчаць нельга.
Я бачыў шмат моцных духам людзей, але якія няправільна рэагуюць. З аднаго боку трэба жорстка адказаць, калі табе ў вочы нешта гавораць, але калі за вочы нехта нешта гаўкае, ня варта зьвяртаць увагі. Ні ў якім разе. Таму што ён баіцца табе ў вочы сказаць.
І яшчэ. Калі да цябе захочуць прычапіцца, да цябе прычэпяцца. Што б ты ні рабіў. Як і на волі, зрэшты. На жаль, мне паказваць аскал даводзілася. Але, на шчасьце, да рукапрыкладзтва ні разу не дайшло. Хоць часам сытуацыі былі на мяжы. Бо той чалавек разумее, што ў ШІЗА паедзе і ён. Бо едуць абодва парушальнікі. І калі ён бачыць, што ты не блефуеш, што ты гатовы ісьці да канца — гэта і ёсьць стрымліваючым фактам. А калі адчуюць, што ты баісься, выратаваньня ня будзе. Зацкуюць».
«Не замінай, не балбачы і не сьпяшайся»
Слухаючы Алеся, я ўсё больш пераконваўся, што ніякіх карысных парад для патэнцыйных сядзельцаў чакаць ня варта. Тут у кожнага можа быць толькі свой досьвед.
«Акрамя вядомых правілаў „Ня вер, ня бойся, не прасі“, я даведаўся іншыя. „Не замінай, не балбачы і не сьпяшайся“. Усё трэба рабіць паволі, спакойна. Асабліва асьцярожна трэба нейкія знаёмствы турэмныя заводзіць. Я памятаю сваю галоўную думку, калі зайшоў у камэру „Амэрыканкі“. Якім я зайшоў сюды, трэба пастарацца такім адсюль і выйсьці. І я стараўся не набрыняць гэтым блатным жаргонам, нейкіх звычак ня вынесьці з сабой. Я не хачу нават у думках вяртацца туды. Але турэмны сьвет яшчэ доўга будзе трымаць.
У нас, у Беларусі пануюць савецкія турэмныя традыцыі. І самае горшае ўзятае з тых часоў. Чалавек не разьвіваецца ў турме. Хоць можна ж было курсы замежных моваў арганізаваць. Сядзеў са мной на Віцьбе адзін выкладчык, і ён прапаноўваў адміністрацыі. Давайце я вам дашлю копію дыплёма, арганізую курсы. „Нам это не надо“. Яны не зацікаўленыя, каб чалавек разьвіваўся і нармальна вярнуўся на волю».
Алесь атрымаў зь лягера афіцыйнае заказное пісьмо. Нават прыйшлося не бяз нэрваў на пошту схадзіць. Што ім яшчэ трэба? Высьветлілася, адміністрацыя прыслала даведку пра Алесевы заробкі. Таксама ёсьць пра што пагаварыць.
«Спачатку ў дрэваапрацоўчы цэх я хадзіў. Расьпілоўка, зьбіўка паддонаў. А потым, пасьля пнэўманіі, мяне перавялі ў швачны цэх. А потым перавялі на расьпілоўку дроў. Клясычная двухручная піла і па паўкуба на чалавека норма. А гэты разьліковы ліст гаворыць пра тое, што адміністрацыя ня можа забясьпечыць сядзельцаў нармальнай працай. Чалавек, які хацеў бы і мог бы працаваць, ён усё роўна ня зможа там зарабляць.
Але я хачу асобна сказаць пра турэмную мэдыцыну. Што яна ўяўляе? Адзін зубны лекар, каторы далёка не заўсёды знаходзіцца на тэрыторыі калёніі. Прыяжджае з гораду раз на тыдзень, па суботах. На паўтары тысячы сядзельцаў гэта нішто. З улікам таго, якія зубы цудоўныя ў тых, хто даўно за кратамі. З улікам матэрыялаў невысокай якасьці. Гэта адвечная праблема.
А яшчэ з улікам начальніка мэдыцынскай часткі. Раманава Валерыя Яўгенавіча. Які да людзей ставіцца, як да другога гатунку. „Не заходите сюда. Выйдите отсюда. Почему вы так часто сюда ходите?“ Вельмі „прыемны“ чалавек. Калі чалавеку з волі трэба вітамінаў даслаць, ён не дазваляе. „У нас всего хватает“. Тое самае тычыцца і лекаў. Калі ў людзей хранічныя захворваньні і яны на волі лячыліся гадамі, па выпісаных рэцэптах... Ён не дазваляе. „У нас всё есть. Таблетки, витамины“.
Я такіх людзей не разумею. Калі ты абмежаваны ва ўсім, але пры гэтым яшчэ ня можаш нармальна лекавацца... Я не магу гэта патлумачыць. Няма словаў. Я проста стараўся пра гэта не задумвацца. Трэба навучыцца цярпець і дацярпець да волі».
«Выбар небагаты — ці Акрэсьціна, ці Жодзіна»
Калі ахарактарызаваць Юркойця адным словам, я б выбраў слова «моцны». Ён моцны сваім унутраным стрыжнем. Ён моцны вернік. Ён моцны беларус. У ягоным лягерным сшытку ўвагу прыцягнулі Юркойцевы літаратурныя экспэрымэнты. Вось вам верш у новым жанры. Трыпутнік. Чытаць можна як па гарызанталі, так і па вэртыкалі. І заўжды будуць зьяўляцца і нечаканыя спалучэньні, і новыя сэнсы.
«Я быў, ёсьць і буду, як пісаў Караткевіч, аптымістам. Людзі былі змушаныя задумацца. І прыхільнікі бел-чырвона-белага і чырвона-зялёнага лягеру, тыя, хто ні пра што не хацеў думаць. Усе вымушаныя задумацца пра сваю адказнасьць найперш. Бо раней хтосьці хацеў перакласьці сваю адказнасьць на некага. Некаторыя думалі — ай, ёсьць дзяржаўныя структуры, некаторыя — ай, ёсьць апазыцыя. Няхай яны і займаюцца. А я пры чым?
Я пачуў цудоўную гісторыю. Едуць два дзецюкі ў аўтазаку. І адзін у другога пытаецца. „Слухай, браце. А куды нас вязуць? На Акрэсьціна ці ў Жодзіна?“ А той стаіць у аўтазакаўскім „стакане“ і кажа: „Извини, я политикой не интересуюсь“. Калі ён не цікавіўся, дык цяпер змушаны будзе. І гэта самая важная рэч, якая адбылася. Усе цяпер вымушаныя задумацца. Што для іх ёсьць Беларусь? Што ён можа зрабіць? Бо раней большасьць думала, што яна нічога ня мусіць рабіць. Раней табе абяцалі чарку, скварку, іншамарку. А цяпер можа застацца нават бяз скваркі.
Спачатку я таксама думаў, што адбыўся фальстарт. Прайшло б яшчэ пяць гадоў, сышла б у лепшы сьвет частка савецкага пакаленьня. А разам з тым, за гэтыя ж пяць гадоў набыло б права галасаваць новае пакаленьне, несавецкае. Але зь іншага боку, я цяпер разумею, што гэта быў не фальстарт. На ўсё свая пара. Час не спыніць і назад не адкруціць. Тое, што раней брадзіла з фігамі ў кішэні, цяпер усё вылілася на паверхню. І займаць нэўтральную пазыцыю, едучы ў аўтазаку, досыць складана. Бо выбар небагаты — ці Акрэсьціна, ці Жодзіна. Галоўнае, ня трэба „ба... ба... баяцца“. Як у старым анэкдоце пра мядзьведзя і паляўнічага. Усё з’явіцца само».
«Бальшавікі нас вучаць ня быць бальшавікамі»
У далёкім 2013-м Алесь рыхтаваў паэтычны «Касінерскі фэст». Ён можа быць выдатным арганізатарам творчых імпрэзаў. Можа быць турыстычным гідам па колішнім Нальшчанскім княстве. Можа быць унікальным настаўнікам. Але менш за ўсё ў Юркойця хацелася пытацца пра пляны на будучыню. Тут ад мінулага бы адысьці.
«Я жыву адным днём. У мяне калісьці было шмат плянаў. І што з тымі плянамі? Дзе яны? Які сэнс тады плянаваць нешта? Жыцьцё само сплянуе для нас. Па жыцьці трэба ўмець хутка прыстасоўвацца да тых абставінаў, якія хутка зьмяняюцца. Гэта і ў вузкім кантэксьце, і ў шырокім, і ў прафэсійным. Трэба рыхтавацца не да канкрэтных падзей, а да жыцьця. Жыць трэба. Не змагацца, а жыць кожны дзень. Калі ты кожны дзень добра пражываеш, дык і жыцьцё добра пражываеш. А калі ты змагарна чакаеш нейкага дня Х, дык ён ніколі ня прыйдзе. Так і будзеш чакаць яго ўсё жыцьцё. Малымі справамі і арганічнай працай гэта дасягаецца. Штодзённай, нябачнай працай. Гэта не рэвалюцыя, а эвалюцыя. Эвалюцыйны шлях, ён самы правільны. Ён не разбуральны. А нам увесь час расказваць, што ня трэба рэвалюцый. А хто расказвае? Рэвалюцыянэры, бальшавікі, па сваёй дактрыне, па сваёй філязофіі, па сваім разуменьні. Бальшавікі нас вучаць, як ня трэба быць бальшавікамі.
А самая мая вялікая цяпер творчасьць — дзяцей добрымі людзьмі выхаваць. Вось гэта на сёньня мая самая творчая задача, якую я бачу перад сабой. Калі ўжо казаць пра нейкую стратэгію і зазіраньне ў заўтрашні дзень, чым ня творчы плян?»
Шпацыруючы зь Юркойцем, немагчыма не знайсьці нешта незвычайнае. Перад разьвітаньнем зайшлі на старыя астравецкія могілкі. Яны якраз за аўтастанцыяй. Алесь хацеў адведаць магілы сваякоў. На выхадзе з кладоў заўважылі вось гэты абэліск, пастаўлены па вайне двум забітым савецкім актывістам калектывізацыі. Як дзіўна ўшанавала савецкая ўлада сваіх служкаў. Ні датаў нараджэньня і сьмерці. Ні імёнаў. І, зразумела, ні кветак.