Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі тры новыя палітвязьні. Агулам на 20 красавіка іх ужо 357


Суд Заводзкага раёну Менску
Суд Заводзкага раёну Менску

Праваабаронцы вызналі перасьлед Кірыла Казея, Юрыя Сяргея і Аляксея Павядайлы палітычна матываваным і затрабавалі вызваліць мужчын з-пад варты і спыніць крымінальныя справы супраць іх.

31 сакавіка суд Заводзкага раёну Менску пакараў 32-гадовага Юрыя Сяргея 6 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, а 37-гадовага Кірыла Казея — 7 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама абвінавачаныя мусяць сплаціць па 4350 рублёў штрафу.

Іх прызналі вінаватымі ў парушэньні трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «падрыхтоўка да зьдзяйсьненьня асабліва злоснага хуліганства» (ч. 1 арт. 13, ч. 3 арт. 339 КК), «падрыхтоўка да наўмыснага зьнішчэньня альбо пашкоджаньня маёмасьці» (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 218 КК), «незаконнае захоўваньне боепрыпасаў» (ч. 3 арт. 295 КК).

На падставе маніторынгу судовага паседжаньня праваабаронцы вызначылі, што ў разглядзе былі грубыя працэсуальныя парушэньні, у выніку якіх абвінавачаных зьмясьцілі ў СІЗА толькі на 17-ы дзень пасьля затрыманьня. Дзяржаўныя органы парушылі права на разьбіральніцтва справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесьці пастанову адносна законнасьці іх затрыманьня і распарадзіцца аб іх вызваленьні, калі затрыманьне незаконнае.

Абвінавачаныя ў судзе ўтрымліваліся ў клетцы, што парушае стандарт прэзумпцыі невінаватасьці, падчас сьледзтва Казея пад катаваньнямі прымушалі да прызнаньня віны і самаабгавору, абарону абвінавачаных паставілі ў няроўнае становішча з абвінавачаньнем.

Гвалтоўныя намеры абвінавачаных суд не даказаў, а для высновы аб вінаватасьці выкарыстоўваліся «доказы з прыкметамі падробленых».

Таксама палітвязьнем стаў Аляксей Павядайла, якога ў лютым у судзе Баранавіцкага раёну прызналі вінаватым па ч.1 арт. 295-3 КК і асудзілі да 2 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле абвінавачаньня, Павядайла вырабіў, захоўваў і перавозіў у аўтамабілі гаручае рэчыва, зь якім яго затрымалі 11 жніўня ў Баранавічах. Экспэртыза вызначыла, што склад рэчыва быў блізкі да складу «кактэйлю Молатава».

Праваабаронцы заявілі, што Аляксея прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці пры адсутнасьці падзеі злачынства і прызначылі максымальнае пакараньне паводле дадзенага артыкулу ў адсутнасьць акалічнасьцяў, якія б абцяжарвалі віну.

Праваабарончая супольнасьць запатрабавала ад уладаў неадкладнага перагляду вынесеных прысудаў у дачыненьні Казея, Сяргея і Павядайлы і вызваленьня іх з-пад варты з ужываньнем іншых захадаў, што забясьпечваюць іх яўку ў суд.

Заяву падпісалі:

  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
  • Кансультацыйны цэнтар па актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве «Хьюман канстанта»;
  • Беларускі ПЭН-цэнтар;
  • РГА «Прававая ініцыятыва»;
  • Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend);
  • Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар.

Агулам у Беларусі па стане на 20 красавіка ўжо 357 палітычных зьняволеных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG