Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе пацьвердзілі, што рыхтуюць чацьвёрты пакет санкцый у дачыненьні да ўладаў Беларусі


Эўразьвяз працуе над падрыхтоўкай чацьвёртага пакету санкцый у дачыненьні да Беларусі. Пра гэта заявіў прадстаўнік Эўрапейскай службы замежных дзеяньняў Люк Дэйвін 20 красавіка на адкрыцьці 9-й сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства (Эўранэст).

Сэсія праз пандэмію праходзіць у онлайн-фармаце. Трансьляцыя пасяджэньня вядзецца на сайце Эўрапарлямэнту.

Дэйвін падкрэсьліў, што, хоць афіцыйная беларуская парлямэнцкая дэлегацыя не зьяўляецца чальцом Эўранэсту, «тэма Беларусі для нас усіх вельмі важная».

«На жаль, даводзіцца і далей толькі шкадаваць, што ад часу фальсыфікацыі выбараў у жніўні мінулага году ўлады Беларусі прытрымліваюцца выключна курсу жорсткіх рэпрэсіяў сваіх грамадзян, а не дыялёгу, — сказаў ён. — Мы і далей, цьвёрда салідарызуючыся з народам Беларусі, вядзём палітыку нулявой цярпімасьці ў адносінах да рэпрэсій і беспакаранасьці вінаватых у іх. Разьлічваем, што неадкладна і безумоўна будуць вызваленыя ўсе палітвязьні. Мы таксама цяпер працуем над наступным санкцыйным пакетам».

  • Першы пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі Эўразьвяз увёў 2 кастрычніка 2020 году.
  • Пасьля сьпіс асобаў, якія падпадаюць пад іх дзеяньне, быў пашыраны другім і трэцім пакетамі 6 лістапада і 17 сьнежня адпаведна.
  • Адметнасьцю трэцяга пакету стала тое, што, акрамя пэрсаналій, у яго ўключылі арганізацыі.
  • Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў Эўразьвяз і замарозку актываў асоб з санкцыйнага сьпісу, які цяпер налічвае 88 чалавек, уключна з Лукашэнкам, а таксама замарозку актываў сямі арганізацый.
  • Акрамя таго, фізычным і юрыдычным асобам — прадстаўнікам ЭЗ — забаронена наўпрост ці ўскосна даваць сродкі асобам з санкцыйнага сьпісу.

Латвія, Літва і Эстонія 25 сакавіка ўвялі новыя нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да 118 беларускіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і юстыцыі, а таксама мясцовых органаў улады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG