Сюжэт пра жанчыну і яе чатырох дачок выйшаў на тэлеканале «Белсат». Меней чым празь дзьве гадзіны неабходная сума была сабраная.
«Эмоцыі зашкальвалі, я прарыдала ўсю ноч, бо не чакала такой салідарнасьці ад людзей. Зранку аплаціла ў банку ўвесь штраф цалкам. Проста няма словаў, каб выказаць удзячнасьць усім, хто мяне падтрымаў», — сказала Ганна Куліева.
У банкаўскім крэдыце на штраф Ганне Куліевай адмовілі. Але дапамаглі простыя людзі. Паколькі грошай прыйшло больш, чым патрэбна, рэшту жанчына перавядзе іншым людзям, якія таксама маюць праблемы з аплатай штрафаў.
30-гадовую віцяблянку Ганну Куліеву пяць разоў штрафавалі за ўдзел у шэсьцях. Агульная сума спагнаньняў дасягнула 3770 рублёў. Адзінае, чаго яна дамаглася, дык гэта растэрміноўкі на паўгода. І нават у такім выпадку штомесяц трэба было выплочваць па 700 рублёў — 90% сямейнага бюджэту.