Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонку і мужа Пісальнікаў, журналістаў і актывістаў Саюзу палякаў, затрымалі, дапыталі і адпусьцілі


Інэса Тодрык-Пісальнік і Анджэй Пісальнік.
Інэса Тодрык-Пісальнік і Анджэй Пісальнік.

Раней пракуратура Горадні вынесла Анджэю Пісальніку афіцыйнае папярэджаньне. 

14 красавіка ў горадзенскіх журналістаў Інэсы Тодрык-Пісальнік і Анджэя Пісальніка прайшоў агляд кватэры. Пасьля гэтага іх перавезьлі з Горадні ў Менск, паведамляе БАЖ. У Менску іх дапыталі і вярнулі назад у Горадню, дзе адпусьцілі. Інфармацыя аб правядзеньні агляду ў іх кватэры, якая прайшла 14 красавіка, не пацьвердзілася.

Інэса Тодрык-Пісальнік і Анджэй Пісальнік супрацоўнічаюць з польскімі СМІ. Анджэй Пісальнік — кіраўнік Фэдэрацыі польскіх мэдыя на Ўсходзе. Інэса Тодрык-Пісальнік — галоўная рэдактарка газэты СПБ Głos z-nad Niemna. Анджэй — галоўны рэдактар інтэрнэт-парталу не зарэгістраванага ў Беларусі Саюзу палякаў znadniemna.pl.

У сям’і выхоўваецца непаўналетні сын.

У чым вінавацяць Пісальніка

Учора Анджэя Пісальніка выклікалі ў пракуратуру Горадні. Пракуратура заявіла, што вынесла яму афіцыйнае папярэджаньне. Прычынай сталі камэнтары Пісальніка ў эфіры польскіх радыёстанцыяў Radio 24 і Radio 4 сёлета на пачатку красавіка.

Паводле вэрсіі пракуратуры, мэта выказваньняў Пісальніка — «узбудзіць у насельніцтва нацыянальную варожасьць на моўнай глебе, сфармаваць непрыязнасьць і недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю аб іхнай дзейнасьці».

«Анджэй Пісальнік заявіў, што ў беларускіх СМІ пачалі шырокамаштабную прапаганду супраць Польшчы ... каб „стварыць вобраз палякаў як людзей другой катэгорыі“. Маўляў, беларуская прапаганда хоча ачарніць палякаў у вачах грамадзтва і зрабіць іх ворагамі народу, „як было ў сталінскія часы“», — паведамляе пракуратура.

Сярод закідаў пракуратуры Пісальніку тое, што ён назваў зьбіраньне зьвестак пра студэнтаў і выкладчыкаў на курсах польскай мовы запалохваньнем і дапусьціў, што беларускія ўлады плянуюць адмяніць навучаньне польскай мове і гісторыі ў Беларусі.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку, генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул прыняў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» у якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG