Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартаванага ў Расею валянтэра каманды Ціханоўскай зноў затрымалі ў Беларусі, калі ён прыехаў да сям'і

абноўлена

Андрэй Новікаў
Андрэй Новікаў

Раней Андрэй Новікаў 7 месяцаў сядзеў у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

13 красавіка сілавікі затрымалі Андрэя Новікава, валянтэра ініцыятыўнай групы для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую, паведаміў тэлеграм-канал «Страна для жизни».

Раней Андрэй 7 месяцаў быў палітычным зьняволеным у менскім СІЗА на Валадарскага ў рамках «справы Ціханоўскага». Вінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). 26 лістапада 2020 году Новікава дэпартавалі ў Расею, забараніўшы наведваць Беларусь цягам 10 гадоў.

Як удалося высьветліць Свабодзе, Андрэй Новікаў усё ж прыехаў у Беларусь. Сілавыя органы дазналіся пра гэта і затрымалі яго прыкладна ў 21:30 у Паставах. Ён прыехаў туды наведаць жонку зь дзецьмі. У Андрэя паўтарагадовая дачка і яшчэ адна дачка з інваліднасьцю.

Яго прывезьлі ў Пастаўскі РАУС. Папярэдне былому палітвязьню інкрымінуюць арт. 371 КК РБ («Незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь»). У пятніцу 16 красавіка ў прысутнасьці адваката яму прад’явяць афіцыйнае абвінавачаньне.

Пры гэтым Андрэй Новікаў, нягледзячы на наяўнасьць расейскага пашпарта, прапісаны ў Беларусі, у Лужасьне Віцебскага раёну.

У жонкі Новікава Вольгі, якая жыве ў вёсцы Прусы на Пастаўшчыне, сілавікі 14 красавіка правялі вобшук. Пра гэта паведаміла знаёмая сям'і. Што шукаюць міліцыянты, невядома.

Пра абставіны свайго знаходжаньня за кратамі Новікаў падрабязна расказаў Свабодзе ў інтэрвію ў сьнежні. Тады ж ён адзначыў, што як былы сілавік цудоўна бачыць настроі беларускіх міліцыянтаў. Па словах Новікава, тыя выдатна ўсьведамляюць, што парушаюць закон, але працягваюць перавышаць паўнамоцтвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG