60 614 — на столькі жыхароў у Беларусі стала менш за 2020 год, гэта вынікае са статыстыкі Белстату. Годам раней насельніцтва Беларусі скарацілася толькі на 19 тысяч. Што стала прычынай, статыстыка ня кажа. У некаторых гарадах жыхароў стала меней на 10 тысяч чалавек.
Віцебская вобласьць — мінус 13 тысяч чалавек
З усіх абласьцей найбольш насельніцтва скарацілася ў Віцебскай вобласьці — мінус 13 261 чалавек, або 1,17% ад агульнай колькасьці жыхароў. Гараджанаў у гэтай вобласьці стала меней на 5929 чалавек, вяскоўцаў — на 7332.
У Віцебску жыхароў стала меней на 1913 чалавек. Гэта 0,52% усіх насельнікаў гораду. Агулам скарачэньне па абласьцях выглядае так:
- Віцебская вобласьць — мінус 13 261 (1,17%)
- Гомельская вобласьць — мінус 11 538 (0,83%)
- Берасьцейская вобласьць — мінус 9 196 (0,68%)
- Магілёўская вобласьць — мінус 8667 (0,85%)
- Горадзенская вобласьць — мінус 7704 (0,75%)
- Менская вобласьць — плюс 99.
Менск — мінус 10 347 за год
У Менску колькасьць жыхароў апошні раз скарачалася ў Другую сусьветную вайну і ў першыя гады пасьля яе, пазьней жыхароў станавілася толькі болей. Напрыклад, за 2019 год менчукоў стала болей на 7237 чалавек.
2020 год стаў выключэньнем, у Менску жыхароў стала менш на 10 347 чалавек. Гэта 0,51% ад усіх жыхароў гораду.
Гомель — мінус 2,4 тысячы за год
У Гомлі жыхароў стала меней на 2448 чалавек, гэта 0,48% ад усіх гамельчукоў. У Сяньне Віцебскай вобласьці жыхароў стала меней на 73 чалавекі, або на 0,98%. У Зэльве Горадзенскай вобласьці — менш на 84 чалавекі, або на 1,27%.
Жыхароў вёсак стала меней на 1,76%
Найбольш за год зьменшылася колькасьць сельскіх жыхароў — мінус 37 029, або 1,76%. Жыхароў гарадоў стала меней на 23 585 чалавек, або на 0,32%.
Для параўнаньня, за 2019 год жыхароў гарадоў стала болей на 12 196 чалавек, або на 0,17%.