Як вынікае з праекту, апублікаванага на партале pravo.by, урад прапанаваў унесьцi зьмены ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 году.
1. Пункт 7 артыкула 42 пасьля абзаца пятага дапоўніць прычынамі, за што прадугледжаныя санкцыі ў выглядзе звальненьня:
- «Адсутнасьць на працы ў сувязі з адбываньнем спагнаньня ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які перашкаджае выкананьню працоўных абавязкаў»;
- «Прымус да ўдзелу ў страйку, заклік да спыненьня выкананьня працоўных абавязкаў без паважных прычын; удзел працаўніка ў незаконным страйку, а таксама іншых формах адмовы ад выкананьня працоўных абавязкаў (цалкам або часткова)».
Адмова работніка ад дачы пісьмовага паказаньня, немагчымасьць атрыманьня тлумачэньня аб зьдзейсьненай правіне не зьяўляюцца перашкодай для ўжываньня дысцыплінарнага спагнаньня і афармляюцца актам з указаньнем прысутных сьведак, гаворыцца яшчэ ў адной папраўцы.
Таксама ёсьць удакладненьне, што пры правядзеньні страйку «забараняецца агучваць палітычныя патрабаваньні».
Акрамя таго, работнікі суб’ектаў прамысловай бясьпекі, якія маюць небясьпечныя вытворчыя аб’екты, ня маюць права браць удзел у страйках.
Нагодай да звальненьня работніка можа стаць і парушэньне ім «парадку збору, сыстэматызацыі, захоўваньня, зьмены, выкарыстаньня, абязьлічваньня, блякаваньня, распаўсюду ці выдаленьня пэрсанальных дадзеных».