Маладэчанец Віталь Алейнік працаваў у Менску. Там яго затрымалі вечарам 23 верасьня ў цэнтры гораду, піша «Рэгіянальная газета».
Мужчына падрабязна расказваў пра сваё зьняволеньне і ўмовы, у якіх знаходзіўся 15 сутак у якасьці асуджанага паводле артыкулу 23.34 «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў».
У Літве ён зьвярнуўся да людзей, якія маюць досьвед працы з унівэрсальнай юрысдыкцыяй, а таксама да сьледчых. Яны дасьледавалі ўсе матэрыялы супраць Алейніка і завялі крымінальную справу ва ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. Маладэчанца прызналі пацярпелым.
Таксама Алейніку ўдалося дамагчыся адмены ў Менскай абласной пракуратуры пастановы аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы па факце гвалту ў адносінах да яго ў жодзінскай турме. Справа праходзіць дадатковую праверку, Алейнік запатрабаваў прыцягнуць да адказнасьці тых, хто адмовіўся адразу заводзіць справу.
У абскарджаньні рашэньня, якое прымалася судом Цэнтральнага раёну Менску аб арышце, Алейнік дайшоў да Вярхоўнага суду, дзе заявіў адвод усяму складу судзьдзяў.
У лютым Мацьвей Купрэйчык зь ініцыятывы ByPol паведаміў, што ў Літве пададзена пяць спраў ва ўнівэрсальнай крымінальнай юрысдыкцыі, а ў Польшчы рыхтуецца да падачы яшчэ 11. ByPol зьбіраў для іх доказную базу і апытваў пацярпелых асобаў на тэрыторыі Польшчы.
Першую справу ўнівэрсальнай юрысдыкцыі супраць беларускіх сілавікоў завялі якраз у Літве. Яна заведзена за зьбіцьцё прадпрымальніка зь Менску Максіма Харошына, які змушана пакінуў краіну пасьля перасьледу.