Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году, ён за кратамі ўжо 288 дзён.
Жонка Ігара Дар’я Лосік расказала Свабодзе, што на мінулым тыдні нарэшце атрымала ад мужа пошту, упершыню з пачатку сакавіка. У пятніцу 9 красавіка яна чарговы раз адвезла Ігару перадачу.
«Ігар нармальна, — расказвае Дар’я. — З навінаў у нас толькі тое, што я на гэтым тыдні ад яго атрымала восем лістоў. У аўторак было шэсьць адразу, учора яшчэ два. Перадачы прымаюць, ён знаёміцца з матэрыяламі справы. Даты суду, альбо яшчэ нечага, пакуль мы ня ведаем. Нічога зусім. Гэта ўсё, у прынцыпе. Вось толькі лісты з навінаў. Ён таксама цяпер атрымлівае ад усіх лісты».
Па словах Дар’і, лісты Ігару прыносяць ад розных людзей, у тым ліку атрымаў на тыдні ліст ад маці. Сам ён жонцы піша пра розныя рэчы. Дар’я прызнаецца, што лісты ад мужа прыходзяць розныя. Часам іх цяжка чытаць.
«Лісты розныя, адзін ад аднаго адрозьніваюцца, бывае, — расказвае Дар’я. — Адзін можа быць пазытыўны, іншы не. У адным зь лістоў Ігар апісаў лепшыя моманты нашага жыцьця зь ім. А іншы ліст дастаткова пэсымістычны. Піша, што стаміўся, што невядома, калі гэта скончыцца, ня можа зразумець, у чым ён вінаваты. Такія эмацыйныя арэлі ў Ігара. Часам бывае цяжкавата чытаць нават».
Па словах Дар’і Лосік, знаёмства з матэрыяламі справы ў мужа можа працягнуцца да канца месяца. Затым справу перададуць у пракуратуру і суд. Працэс можа пачацца ў канцы траўня альбо на пачатку чэрвеня.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.