Ініцыятыва BYPOL паведаміла, што атрымала аўдыёсьведчаньне пра выказваньне афіцэра Ўзброеных сіл. На аўдыё чалавек, якога BYPOL называе начальнікам факультэту Вайсковай акадэміі палкоўнікам Сяргеем М., нібыта аддае загад сваім курсантам пра гатоўнасьць прымяніць зброю ў дачыненьні пратэстоўцаў.
Размова, як сьцьвярджае ініцыятыва, была запісаная ў «10-х днях жніўня 2020 году». На ёй палкоўнік выкарыстоўвае нецэнзурную лексыку, шкадуе аб развале Савецкага Саюзу і пачатку незалежнай Беларусі і кажа аб прызначэньні людзей, якім ён зьбіраецца выдаць магазін і пусьціць наперад у атаку. Таксама меркаваны Сяргей М. на аўдыёзапісе кажа, што можа стрэліць сам ці аддаць загад таму, у каго будуць патроны.
«Скажу: „Агонь!“ Першы стрэл халастым пойдзе, а хтосьці... хтосьці потым баявым».