Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна цягам году возьме ўдзел у сямі вучэньнях NATO


Міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран заявіў, што сёлета падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў Украіны атрымалі запрашэньне на ўдзел у сямі вайсковых вучэньнях NATO ў рамках праграмы калектыўнай абароны.

«Мы шмат гадоў у часе супольных вучэньняў, трэнінгаў і ўдзелу ў органах вайсковага кіраваньня набывалі ўзаемасумяшчальнасьць з NATO. Украінскія вайскоўцы атрымалі прызнаньне за сваю прафэсійнасьць сярод калег з альянсу. Гэтае прызнаньне трансфармавалася ў давер і гатовасьць далучаць украінцаў да адпрацоўваньня „Калектыўнай абароны“, якая для NATO азначае, што напад на любую краіну зь дзяржаў – сяброў альянсу разглядаецца як напад на ўсіх», — заявіў Андрэй Таран.

Міністар удакладніў, што гаворка ідзе пра такія вучэньні, як Steadfast Cobalt, Ramstein Apex, Ramstein Ambition, Steadfast Defender, Noble Bonus, Steadfast Jupiter, Steadfast Leda. Такая магчымасьць прадугледжаная ў тым ліку і статусам, які Ўкраіна атрымала летась — партнэра NATO з пашыранымі магчымасьцямі.

6 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў тэлефоннай размове з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам заявіў, што прысутнасьць NATO ў Чарнаморскім рэгіёне зьяўляецца моцным фактарам стрыманьня Расеі, а ўступленьне Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычны альянс — адзіным шляхам для заканчэньня вайны на ўсходзе краіны. «Плян дзеяньняў да сяброўства ў NATO стане сапраўдным сыгналам для Расеі», — сказаў Зяленскі.

Сёньня міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў аб намеры прапанаваць сваім хаўрусьнікам па NATO даць Украіне плян дзеяньняў да сяброўства ў альянсе, па выніках рэалізацыі якога краіна можа стаць сябрам арганізацыі.

«Мы хутка зьвернемся да калегаў зь лістом, каб яшчэ раз разгледзець магчымасьць перадачы пляну. Я перакананы, што NATO можа паўтарыць сваю прапанову, і гэтае пытаньне мы якраз пачалі ўзгадняць з калегамі з Балтыйскіх краін», — цытуе літоўскага міністра партал Delfi.

Украіна з 2005 году вядзе паскораны дыялёг аб далучэньні да пляну дзеяньняў да сяброўства ў NATO. У 2008 годзе Ўкраіна накіравала адпаведны ліст у альянс, але ўжо ў 2010 годзе тагачасны прэзыдэнт Віктар Януковіч ануляваў усе ўкраінскія структуры, якія адказвалі за паўночнаатлянтычную інтэграцыю краіны.

Летась Украіна атрымала статус партнэра пашыраных магчымасьцяў NATO, які адкрывае больш шырокі доступ украінскага войска да ўсіх праграмаў і вучэньняў альянсу. Кіраўніцтва Ўкраіны разьлічвае сёлета атрымаць і плян дзеяньняў да сяброўства ў NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG