Горадзенскі рок-музыкант Ігар Банцэр, які сёлета трымаў «сухую галадоўку» 16 дзён у СІЗА, расказаў, чаму ён не памёр без вады, як да яго ставіліся турэмнікі і ці была галадоўка ягоным чарговым пэрформансам.
«Я да гэтай галадоўкі рыхтаваўся год»
— Гэта цуд, што мы з вамі цяпер размаўляем, ці заканамернасьць?
— Гэта ня цуд.
— Вы дапускалі, што можаце памерці падчас галадоўкі?
— Не.
— Што гэта былі за фізычныя адчуваньні, пакуль вы галадалі?
— Калі я сядаў на галадоўку, у мяне быў плян зь яе ня выйсьці. Я казаў: або я адсюль выйду сваімі нагамі на волю, або вы мяне вывезеце нагамі наперад. Начальнік турмы спытаў: «Ты хочаш труп?». — «Так». — «Ніхто табе ня зробіць труп. Мы выклічам хуткую дапамогу».
Лекары казалі: «Прымусовага кармленьня ня будзе. Але як толькі ты ня будзеш здольны адказаць „не“, ляжыш у адрубе — то ўсё». Яны ня могуць мне даць памерці па заканадаўстве. Нават калі яны кажуць, што ім усё роўна, што ты будзеш галадаць, гэта для іх надзвычайная сытуацыя.
— Што адбывалася з вашым арганізмам?
— Я да гэтай галадоўкі рыхтаваўся год. Я не спажываю алькаголю 14 гадоў. Ня ем мяса 8 гадоў. Ніякіх іншых рэчываў не спажываў, акрамя спартыўнага харчаваньня. Выкурыў толькі 2 цыгарэты, калі сустракалі сьвітанак пасьля выпускнога. Я займаюся спортам сыстэмна: качалка плюс баявыя адзінаборствы.
Я загартоўваюся, плаваю ўзімку. Калі мы езьдзілі ў туры, то я часам спажываў каву, энэргетыкі. Летась я выключыў энэргетыкі, каву, зялёную гарбату. Піў травяныя зборы, чыстую ваду. Мог выпіць колу бяз цукру.
— Што вы цяпер ясьцё?
— Я вэгетарыянец. Ем усё, што звычайна. Трэба было мякчэй выходзіць. Але я вытрымаў першыя 10 дзён, а потым і макароны пад’еў, і цукерак нажэрся.
— Вы адчувалі голад?
— Не. Я сябе прымушаю есьці. Толькі цукерак мне хацелася. Усе энэргетычныя запасы былі ў цягліцах, цяпер я як «рахіт».
— Няўжо падчас галадоўкі вы не адчувалі ніякіх зьменаў у целе?
— Галоўную цягліцу трэба трэніраваць — мозг. У мяне мозг сублімаваны, пракачаны. Разам зь цягліцамі гэта дало эфэкт. Першая кніга, якую я ўзяў у турму 20 кастрычніка, быў поўны збор Плятона.
На чацьвёрты або пяты дзень галадоўкі ў камэру пачалі заносіць ежу. Я кажу: «Гэта правакацыя». Корпусны патлумачыў, што гэта стандартная практыка, загад начальніка: кожнаму на галадоўцы празь некалькі дзён прыносяць ежу тройчы на дзень. Раптам чалавек захоча адмовіцца ад галадоўкі.
Я паварочваўся да відэакамэры, браў ежу і нюхаў. У мяне не было, як у сабакі Паўлава, што панюхаў ежу і сьліна пацякла. Было два разы, што панюхаў мяса і падумаў, што смачна пахне. Можа, яны спэцыяльна спэцыяў падвальвалі ў маю порцыю.
— Слабасьць была, галава кружылася?
— Канечне, была слабасьць, кружылася галава. Дзесьці на дзясяты дзень пайшлі праблемы з галавой. Калі рэзка ўставаў, то белая заслона засьцілала вочы, хапаўся за нары. Прытомнасьці ня траціў. Сутаргі былі літаральна 2 разы. Трызьненьня не было. Былі моманты, калі сядзіш і «заліпаеш».
— У адным інтэрвію вы казалі, што нібыта пачалі мачыцца крывёю.
— Не. Вады ў арганізьме не было. Насычанасьць крывёю, таксіны. Мача пачала мець аранжавы колер, потым з карычневым адценьнем, пад канец колер быў блізкі да чырвонага. Гэта не была кроў, але выглядала жахліва, вельмі сьмярдзела.
— Цяпер усё аднавілася, вярнулася да ранейшага стану?
— Так. Я размаўляў з чалавекам па «натуральнай мэдыцыне». У спорце ёсьць паняцьце «чытынг» — калі робіш няправільна тэхніку ў качалцы, толькі каб «пантануцца» і зрабіць больш.Я чысьціў зубы, умываўся з раніцы і ўвечары, бо было вельмі цяжка. У экстрэмальных сытуацыях у нас уключаюцца атавістычныя мэханізмы. Па-іншаму адкрываюцца поры ў скуры. Атрымліваеш вільгаць праз поры. Калі лічыць, што поры набралі 10-20 мілілітраў вады, то можна лічыць, што я чытынгаваў. Каб не было потым, што я хаваўся і еў. Гэта ўсё ёсьць на камэрах. Захочуць — пакажуць па БТ, АНТ. Чаму дагэтуль не паказалі, як Банцэр есьць? Апошнія 2–3 дні я ня мог ужо чысьціць зубы і галіцца, цяжка было хадзіць.
Калі я абвясьціў галадоўку, іншыя арыштанты мне сказалі, што я павінен аддаць усю ежу на капцёрку, а яны (турэмнікі. — РС) павінны скруціць кран. Ежу не забралі, кран не скруцілі.На трэці дзень я пачаў выкідаць ежу ў сарцір. На пяты дзень сабраў усю ежу ў пакет, напісаў на аркушыку А4 «Апячатана», абклеіў налепкамі па пэрымэтры, запячатаў запалкай. Каб не было такога, што я ноччу, як мышка, празь дзірачку ем. Паставіў пакет пад відэакамэру. Усе прыходзілі і дзівіліся.
— Пры «сухой галадоўцы» могуць наступіць незваротныя зьмены. У вас яны ёсьць?
— Мне цяжка. Я быў у гастраэнтэроляга. Неўзабаве пайду да гематоляга, бо ёсьць пытаньні па крыві. Праблемы з унутранымі органамі. Ніхто ня можа спрагназаваць, калі што вылезе. Доктарка, якая 16 гадоў працавала ў Ізраілі, маніторыць мяне. У мяне вялікія праблемы па ўсіх франтах. Палова торбы ў мяне — гэта пілюлі, якія трэба жэрці.
«Хочаце мяне гнаіць — я вам дапамагу»
— Калі вы вырашылі галадаць?
— Я фізычна і мэнтальна быў падрыхтаваны, але не плянаваў галадоўку. Я ня думаў, што так далёка ўсё зойдзе. Паехаў у Навінкі — ня псых, выпусьціце. Калі ўсьвядоміў, што скончыліся легальныя мэтады, я канчаткова прыняў рашэньне ў карцары.
1 лютага я напісаў хадайніцтва, каб мяне выпусьцілі з-пад варты. Я прызнаю, зрабіў. Заканадаўства дзе? Па заканадаўстве я прызнаўся, 88 артыкул Крымінальнага кодэксу («Вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі зь дзейным раскаяньнем». — РС), далі нагой пад сраку — і пайшоў дамоў.
Калі беларуская дзяржава бачыць у маім арт-пэрформансе — безумоўна, радыкальным сучасным мастацтве, непрымальным для некаторых — злачынства, я пагаджаюся.
Я бачыў расчляняльнікаў, забойцаў дзяцей, хворых людзей, арыштантаў, якія сядзяць па 20 год. Я зразумеў, што памыліўся, на 50 год заўчасна зрабіў гэты пэрформанс. Я згодны, гатовы атрымаць пакараньне — згодна з заканадаўствам! Давайце штраф, давайце без абмежаваньня волі, давайце маральную кампэнсацыю, калі я так пакрыўдзіў супрацоўніка. Я гатовы выступіць па тэлебачаньні, заклікаць людзей ня крыўдзіць міліцыянтаў.
Калі ў гэтай дзяржаве іншых легальных сродкаў не засталося, то, калі ласка, — галадоўка.
— Вашая галадоўка была пэрформансам, як казалі вашыя знаёмыя?
— Не разумею.
— Гэта была спроба давесьці да скрайняга абсурду сытуацыю, у якой вы аказаліся, ці гэта была галадоўка роспачы? Настолькі невыносна было, што не хацелася жыць? Гэта форма пратэсту ці форма абароны?
— Толькі форма пратэсту, з усяго пералічанага. Я цяпер выйшаў і замовіў 13 кніг: Маркс, Энгельс, Ленін.
За 2 тыдні да свайго затрыманьня я езьдзіў зь дзецьмі ў грыбы ў памежнай зоне. Запосьціў фота на фэйсбуку. Мне некалькі чалавек напісалі: «Прыяжджай [у Эўразьвяз]». Але я не зьбіраюся ўцякаць. Якой халеры я паеду?
Пад канец году ў турме ў мяне быў момант роспачы. Я даслаў усім лісты, каб мне больш ніхто не пісаў, што я хачу застацца сам-насам з сабой. Навошта мне вашая падтрымка, калі я сяджу ў турме?
Для сваёй дзяржавы я ніхто. Хочаце мяне гнаіць — я вам дапамагу, паскору працэс. Я сябе ня бачу ў турме. Я не зрабіў злачынства, я так лічу.
— Вы сваёй галадоўкай хацелі паказаць, што ўсё роўна будзе па-вашаму?
— Канечне. Я сказаў, што нават сядзець я буду па сваіх правілах.
— Калі вы выйшлі, некаторыя казалі, што вы зламалі сыстэму.
— Я не зламаў. Сыстэму немажліва зламаць. Ёсьць або рэвалюцыя, або эвалюцыя. Нашая рэвалюцыя пачыналася мірна, скончылася мы ведаем як. Рэвалюцыя няўдалая. Наступны этап — эвалюцыйны. Я працую з моладзьдзю. Галоўнае — заставацца чалавекам, як бы вы ні акрэсьлівалі свае палітычныя погляды.
— Было меркаваньне, што толькі вельмі няшчасны чалавек можа наважыцца на «сухую галадоўку». Гэта пра вас?
— Я вельмі-вельмі-вельмі няшчасны. Быў бы шчасьлівы чалавек, езьдзіў бы на «Мэрсэдэсе», меў бы бізнэс, мне на ўсё было б по***. Я не іранізую. Я няшчасны чалавек.
Калі працягваць пытаньне, той, хто баіцца сьмерці, — не шчасьлівы чалавек. Той, хто не разумее, дзеля чаго жыве, — не шчасьлівы чалавек. Той, хто не разумее, дзеля чаго ён гатовы памерці, — не шчасьлівы чалавек.
Калі хтосьці лічыць, што я не шчасьлівы, то я не шчасьлівы. Калі нехта мне зайздросьціць, — калі ласка. Я застаюся Банцэрам.
— Дзеля чаго вы былі гатовы памерці?
— Я бачыў чалавека, які сядзіць 10 год, яму яшчэ 10 год сядзець, і ён крычыць, што яму недакладваюць мяса. Я сябе ня бачу ў такой схеме. Мой сьвядомы выбар — годна хадзіць па вуліцы свайго гораду. У мяне кліпы ёсьць, дзеці ёсьць. У мяне заўжды быў галоўны імпэратыў — быць чалавекам, stay true.
— У вашай галадоўцы была мэта?
— Калі няма іншага варыянту, было б файна адысьці прыгожа. Гэта цікава выглядала з пункту гледжаньня канца маёй кар’еры. Легальнае самагубства.
Супрацоўнік у мяне запытаўся: «Ты што, хочаш быць пакутнікам?». Кажу: «Так. У гэтай краіне зашмат герояў, а пакутнікаў мала». Тарайкоўскага застрэлілі. Бандарэнку забілі. Я ня ўцёк з краіны, пайшоў у турму, зарадзіў галадоўку. Калі б я памёр, гэта быў бы ідэальны канцэпт у кантэксьце ўсёй маёй творчасьці.
— Вы ня думаеце, што гэта безадказна ў дачыненьні да вашых дзяцей, да людзей, якія вас любяць?
— Калі я сяджу ў турме і ня маю ўплыву на выхаваньне сваіх дзяцей, гэта таксама безадказна. Калі я ежджу ў туры на шмат месяцаў, гэта таксама безадказна. Калі я праводжу ўвесь дзень па-за домам, бо арганізоўваю імпрэзы, гэта таксама безадказна. Я безадказны чалавек у прынцыпе.
«Ёсьць людзі, якія апранаюць форму і забываюць, што яны людзі»
— Як да вас ставіліся ў турме падчас галадоўкі?
— У турме я гаварыў з псыхолягам — адзіны там нармальны чалавек па чалавечых парамэтрах. Калі ў мяне была патрэба, мы зь ім сустракаліся. Тут я павінен сказаць дзякуй. Усе астатнія па-чалавечы, можа, і добрыя, але на працы жудасныя людзі.
Вельмі цяжка пасьля турмы размаўляць у такіх катэгорыях, асабліва ў нашай палітычнай сытуацыі. Што значыць «людзі»? Уся музыка свабоды базуецца на тым, што ёсьць мы, людзі, а ёсьць людзі, якія апранаюць форму і забываюць, што яны людзі. Мне прасьцей казаць пра іх «супрацоўнікі сыстэмы», бо гэта больш безаасабова гучыць. Яны выконвалі свае абавязкі.
Я зь імі жартаваў: «Вы робіце стаўкі, на чыю зьмену Банцэр вальнецца і давядзецца выклікаць хуткую дапамогу?». Яны ня могуць адказваць, бо паўсюль камэры, але выходзілі з крывой усьмешкай.
Прыходзілі лекары ў пагонах. Я задаваў пытаньне: вы найперш лекар, а потым супрацоўнік турмы, ці наадварот? Яны не адказвалі. Але па іхнім стаўленьні да мяне я разумеў, што спачатку супрацоўнік турмы, а потым лекар. Прыходзіў псыхіятар-капітан. У яго былі такія жарты, можа, на 10-ы дзень: «Нешта вы хістаецеся, Банцэр». Мне падаецца, гэта ня сьмешна.
— Вас гэта зачапіла?
— Калі я пра гэта кажу, значыць, зачапіла. Але я гляджу на гэта з пункту гледжаньня левай плятформы. Сыстэма спляжыць кожнага. Адзін чалавек не пераможа гэтую сыстэму. Я ня Нэльсан Мандэла, каб сядзець 27 гадоў. Я не Статкевіч, які адседзеў ад званка да званка, і цяпер новы тэрмін.
— Вас сыстэма спляжыла?
— Яшчэ не, але спляжыць. Гэты раўнд мы выйгралі.
— Аднаму цяжка сядзець?
— Мне было цяжка 15 дзён карцару. На 4-ы дзень я сам сабе надакучыў. Я ў галаве паразмаўляў з усімі: са сваякамі, сябрамі, сяброўкамі.
— Чаму вас забралі ў Навінкі?
— Улічваючы ўсе мае пэрформансы, у мяне быў акрэсьлены лякальны брэнд, што я даўб***. Людзі глядзяць з пункту гледжаньня постмадэрновай сытуацыі ці мэтамадэрну, толькі на абалонку. Ім падаецца, што я эпатую. Нават у андэграўндным асяродзьдзі людзі з настолькі заціснутай савецкай мэнтальнасьцю, што ня вераць, што я магу рабіць свае пэрформансы абсалютна цьвярозы.
«Мне напісалі каля паўтысячы лістоў»
— Чаму ніхто са сваякоў не адгаворваў вас галадаць?
— Бо яны ведаюць, што я Банцэр. У мяне цяжкая сытуацыя ў сям’і. Яны мяне не падтрымліваюць у тым, што я раблю. Яны ўжо даўно ня мелі на мяне ўплыву. Канечне, яны былі рады, калі я выйшаў з турмы.
— Вы ліставаліся ў турме зь дзецьмі. Пра што вы пісалі адно аднаму?
— Я пытаўся пра жыцьцё, дасылаў малюнкі. Малому 8 год, ён вельмі мала пісаў, дачка крыху больш. Малому я пісаў матывацыйныя лісты, каб яму дадаць веры ў сябе.
Я думаў, што ўсе татуіроўкі ў мяне занадта тэматычныя, левыя, а хацелася «раздаўбайскую». Дачка даслала мне канвэрт з аднарожкам. Я намаляваў дачцэ дызайн маёй новай «татухі» з аднарожкам. Яна кажа: «Татка, мне падабаецца. Які ты ў мяне крэатыўны!». Кажу: «Ты таксама крэатыўная». Яна мне пісала пра свае крэатывы. Дачка ў мяне і танцуе, і сьпявае. Вельмі яе люблю. Я быў зь ёй у дэкрэце 3 гады з дапамогай сваёй маці. Мы карысталіся японскай мэтодыкай бясстрэсавага выхаваньня. Усім раю.
— Як дзеці вас сустрэлі пасьля турмы?
— Троху зь недаверам. Яны ня ведалі, чаго ад мяне чакаць. Я быў у вялікім стрэсе перад затрыманьнем. Некаторыя моманты, магчыма, іх моцна ўразілі. Але празь некалькі дзён мы зь імі схадзілі ў краму, купіў ім гульню Gravity False, паглядзелі мульцікі. Зь дзецьмі ў мяне добры кантакт.
— Што вам іншыя людзі пісалі ў лістах?
— Мне напісалі каля паўтысячы лістоў. У мяне ляжаць 70 лістоў, на якія я не адказаў. 85% — гэта жанчыны. Была вельмі моцная падтрымка. Яны баяліся за маё жыцьцё. Нехта пісаў пра свой жыцьцёвы прыклад. Але ня ведаю, што меўся б напісаць чалавек, каб я спыніў галадоўку. Нехта пісаў: спыняй галадоўку, хачу прыйсьці на твой канцэрт. Хтосьці пісаў, што паслухаў мае песьні, хтосьці дасылаў цытаты зь песьняў. Галадоўка мне падняла статус, у тым ліку за мяжой. Каму КДБ хацеў гэтым кепска зрабіць?
— Што далей?
— Я хачу выйсьці з галадоўкі. Я б хацеў манэтызаваць свой палітычны капітал унутры краіны. Я не зьбіраюся зьмяняцца. Я паеду [на «хімію»]. Я б хацеў, каб было каханьне і шчасьце, але ў гэтай краіне гэта немажліва. І я ня буду займацца імітацыяй. Я хачу быць на волі. Я не хачу ўдзельнічаць у палітыцы. Але калі палітыка прылезла, то давайце, я з задавальненьнем другі раз паўдзельнічаю ў гэтым чэленджы. Толькі другі раз будзе ўжо жорсткі.
— Вы плянуеце яшчэ адну галадоўку на «хіміі»?
— Я нічога не пляную. Я той, хто вырашыў прайсьці сваю дарогу да канца.
Гарадзенцу Ігару Банцэру 41 год. Жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей. Лідэр стрыт-гурту Mister X. У мінулым незалежны журналіст. Сёлета ён трымаў «сухую галадоўку» з 3 па 19 сакавіка ў горадзенскім СІЗА. Суд Ленінскага раёну Горадні даў яму паўтара года «хіміі» за ягоны пэрформанс — за нібыта дэманстрацыю палавых органаў (ч. 1. арт. 339 КК «Хуліганства»).
Летась Банцэр падчас танца сьцягнуў шорты перад машынай міліцыі. Ён настойваў, што заставаўся тады ў стрынгах, а сьпераду яго прыкрывала паясная торбачка. Пацярпелы міліцыянт ня меў да музыкі прэтэнзій і спачатку расцаніў танец як п’яную выхадку, а не як крымінальнае злачынства.
Банцэр прабыў пад вартай 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночнай камэры, некалькі разоў у карцары. Яго накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу, якая паказала, што ён адэкватны. У 2020 годзе яго неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у пратэставых мітынгах і саджалі на суткі.