Спартовае выданьне «Трыбуна» паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што міжнародная футбольная асацыяцыя ФІФА адхіліла ўсе прэтэнзіі беларускай футбольнай фэдэрацыі да нападніка расейскага клюбу ЦСКА Ільлі Шкурына.
Раней паведамлялася, што беларуская фэдэрацыя накіроўвала ў дысцыплінарны камітэт эўрапейскай футбольнай асацыяцыі УЭФА запыт, у якім прасіла прымяніць да Ільлі Шкурына санкцыі за няяўку ў моладзевую зборную Беларусі на матчы кваліфікацыйнага раўнду чэмпіянату Эўропы супраць Нідэрляндаў і Партугаліі ў верасьні 2020 году.
15 жніўня Шкурын заявіў, што адмаўляецца гуляць за зборную пры рэжыме Лукашэнкі. У сьнежні футбаліст падпісаў ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту. Пасьля гэтага яго выключылі са зборнай Беларусі і пазбавілі льготы па адтэрміноўцы ад вайсковай службы. Старшыня беларускай футбольнай фэдэрацыі Ўладзімер Базанаў заяўляў, што Шкурын ня меў права адмовіцца прыяжджаць у зборную.