Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Менскім малаказаводзе № 1, адкуль масава звольніліся работнікі, мяняюць кіраўніка — «страціў кантакт з калектывам»


Малаказавод, ілюстацыйнае фота
Малаказавод, ілюстацыйнае фота

Канфлікт паміж работнікамі і заводзкай адміністрацыяй прыехала «разрульваць» кіраўніцтва Менскага аблвыканкаму. У выніку звольненым супрацоўнікам прапануюць вярнуцца, а цяперашняга дырэктара заменяць.

Паводле парталу Onliner.by, гісторыя з падпісаньнем дамовы пра калектыўную матэрыяльную адказнасьць цягнецца зь мінулага году. У выніку новую дамову не падпісалі 94 чалавекі, 63 звольніліся.

Напярэдадні на завод прыехаў старшыня абласнога выканкаму Аляксандар Турчын, які паабяцаў вырашыць канфліктную сытуацыю праз замену гендырэктара Дзьмітрыя Главінскага. Апошняга прызначылі кіраваць прадпрыемствам летась у красавіку. Да таго 2,5 года ён узначальваў холдынг «Бабушкина крынка», а яшчэ раней быў першым намесьнікам дырэктара «Белрыбы».

«Кіраўніцтва прадпрыемства зрабіла ўсё не афішуючы, мы самі даведаліся нядаўна. У сувязі з гэтым прынятае рашэньне правесьці назіральную раду аб зьмене кіраўніка і прызначэньні выканаўцы абавязкаў гендырэктара. Я сустрэўся з працоўным калектывам — прысутнічалі каля 60 чалавек. Там былі і абураныя, і тыя, хто абараняюць. На радзе прапануем адмяніць рашэньне аб увядзеньні калектыўнай адказнасьці і аднавіць на працы тых звольненых, хто жадае вярнуцца», — расказаў парталу кіраўнік «Менаблмясамалпраму» Сяргей Некрашэвіч.

Чыноўнік таксама патлумачыў, у чым, зь ягонага гледзішча, была памылка Дзьмітрыя Главінскага.

«Перш за ўсё ў адсутнасьці зносінаў з працоўным калектывам. Людзям трэба тлумачыць, што адбываецца, дзеля чаго нешта зьмяняецца, выгады і недахопы. Мякка кажучы, непаважлівае стаўленьне да працаўнікоў... Мы прапануем для пачатку адмяніць рашэньне. Ёсьць шмат нюансаў, пачынаючы ад стану абсталяваньня і вымяральных прыбораў. Нельга ўводзіць у такіх умовах калектыўную матэрыяльную адказнасьць», — адзначыў Сяргей Некрашэвіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG