Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне суд за абразу Лукашэнкі зрабілі закрытым. За лялькі на мастах вінавацяць жанчыну і двух мужчын


Вольга Клімкова і Сяргей Скок у залі Круглянскага суду
Вольга Клімкова і Сяргей Скок у залі Круглянскага суду

У Круглянскім раённым судзе зрабілі закрытым працэс супраць трох жыхароў Магілёва, якіх затрымалі ў лістападзе 2020 году за пэрформанс з роставымі лялькамі і «цынічнымі надпісамі» аб вышэйшых службовых асобах.

Пра зьняволеньне магілёўцаў стала вядома з паведамленьня прэсавай службы МУС. Зь яго вынікала, што затрыманыя пазнаёміліся ў дваровым чаце, вырабілі 6 роставых лялек, разьмясьцілі іх на дарожных мастах у Магілёўскім раёне і пашырылі фота зь імі ў інтэрнэце.

46-гадовай Вользе Клімковай і 33-гадоваму Сяргею Скоку інкрымінуюцца злоснае хуліганства ды зьнявага прэзыдэнта. 37-гадовага Максіма Сяргеенку яшчэ вінавацяць у тым, што ён даваў ім парады і тым дапамагаў учыняць злачынства.

Максім Сяргеенка
Максім Сяргеенка

Клімкова ў гутарцы з журналістамі заявіла, што ня лічыць сябе вінаватай у злачынстве. У сьледчым ізалятары Магілёва яе трымаюць зь лістапада 2020 году. На ўмовы зьняволеньня яна не наракае.

Сяргей Скок у судовай залі разам з Клімковай у клетцы. Гаварыць з журналістамі адмовіўся. Сяргеенка на падпісцы аб нявыезьдзе. Сябе вінаватым прызнае часткова.

Разглядае крымінальную справу старшыня Круглянскага раённага суду Дзьмітры Сасноўскі.

З прапановай закрыць працэс выступіў прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачваньня з раённай пракуратуры Арцём Налівайка. Сваю пазыцыю ён аргумэнтаваў тым, што супраць фігурантаў праводзіцца папярэдняе расьсьледаваньне па іншай справе, якая вылучаная ў асобную вытворчасьць, і агучваньне зьвестак на адкрытым працэсе можа перашкодзіць таму сьледзтву. Пракурора падтрымаў судзьдзя.

Вольга Клімкова
Вольга Клімкова

У Круглае падтрымаць падсудных прыехалі некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх былі родныя. Маці Клімковай Людміла Давыдаўна кажа, што дачку забралі ў сьледчы ізалятар 4 месяцы і 5 дзён таму. Паводле жанчыны, зьнешне Вольга за час зьняволеньня не зьмянілася. У лістах піша, што трымаецца, здаровая і дужа сумуе.

«Нас падтрымлівае і ўказаньні дае. Папрасіла фатаздымкі. Мы іх паслалі, — апавядае Людміла Давыдаўна. — Віны не прызнае. Па характары яна стойкая. Піша, што яна не злачынца. Ніхто ад яе дзеяньняў не пацярпеў, шкода адсутнічае».

Круглянскі суд
Круглянскі суд

У Вольгі Клімковай двое дарослых дзяцей. Меншы сын таксама прыехаў у Круглае. Ён лічыць, што выстаўленае маці абвінавачаньне не адпавядае таму, што яна зрабіла. «Яна ні ў чым не вінаватая», кажа хлопец.

Людміла Давыдаўна дадае, што верыць у дачку і спадзяецца на лепшае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG