Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меркаваны беларускі шпіён, затрыманы ва Ўкраіне, паходзіў з Расеі. Ён сам здаўся ў СБУ


Памежны пункт Новыя Ярылавічы на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю, архіўнае фота
Памежны пункт Новыя Ярылавічы на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю, архіўнае фота

Сталі вядомыя падрабязнасьці затрыманьня меркаванага беларускага шпіёна ва Ўкраіне, пра якое 24 сакавіка паведаміла Служба бясьпекі Ўкраіны.

Яго вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці.

Грамадзянін Беларусі працаваў намесьнікам дырэктара кампаніі «МК Гранд Плюс», зарэгістраванай ва ўкраінскім горадзе Дніпро. Згодна з рэестрам Міністэрства юстыцыі Ўкраіны, кампанію ачольвае Юры Духавенка, а заснавальнік — Анатоль Сыдарапулаў. Прозьвішча затрыманага намесьніка дырэктара не ўдалося высьветліць, бо на тэлефанаваньні па нумарах, якія мае ў сваім распараджэньні Радыё Свабода, ніхто не адказвае — мабільны апэратар паведамляе, што абанэнт па-за межамі дасяжнасьці.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, беларускі грамадзянін у ліпені 2019 году пагадзіўся на супрацу з супрацоўнікам Упраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі па Берасьцейскай вобласьці. Затрыманы назваў сьледчым прозьвішча «вэрбавальніка», але тыя яго не называюць. Паводле затрыманага, ён абавязаўся стварыць «агентурную сетку» для збору і перадачы інфармацыі, якая зьяўляецца ва Ўкраіне дзяржаўнай таямніцай.

У студзені 2020 году затрыманы спрабаваў, у сваю чаргу, завэрбаваць супрацоўніка Луцкага памежнага атраду, які валодае інфармацыяй, цікавай для беларускага КДБ.

Найперш беларускага «вярбоўшчыка» цікавіла інфармацыя пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў і Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, а таксама арганізацыя гэтых службаў, выкарыстаньне спэцыяльнай тэхнікі для затрыманьня парушальнікаў мяжы і баявыя магчымасьці падразьдзяленьняў. Гэтую інфармацыю супрацоўнік Луцкага памежнага атраду мусіў перадаваць прадстаўніку Ўпраўленьня КДБ Беларусі ў Берасьцейскай вобласьці ў часе асабістых сустрэч на беларускай тэрыторыі ў загадзя ўзгодненых месцах.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, грамадзянін Беларусі добраахвотна спыніў «незаконную дзейнасьць» і паведаміў пра сваё вэрбаваньне Службе бясьпекі Ўкраіны да таго моманту, як яму выставілі падазрэньне ў злачынстве. Усе атрыманыя матэрыялы ён перадаў супрацоўнікам СБУ.

Улічваючы ўсе гэтыя абставіны, суд вызваліў грамадзяніна Беларусі ад крымінальнай адказнасьці і вярнуў яму мабільныя тэлефоны.

У судовым рашэньні пра вызваленьне беларуса ад крымінальнай адказнасьці нічога не гаворыцца пра тое, што ад яго патрабавалі арганізаваць каналы для транспартаваньня зброі і прадметаў двайнога прызначэньня празь дзяржаўную мяжу, як гэта паведамляла СБУ.

Адвакатка грамадзяніна Беларусі, абвінавачанага ў шпіянажы, Вікторыя Кандрацішына адмовілася ўдакладніць дэталі справы. «Я ня буду даваць ніякай інфармацыі. Прабачце, гэта зьяўляецца адвакацкай таямніцай», — сказала яна Свабодзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG