Гэґер, які ўваходзіць у партыю Матавіча «Звычайныя людзі і незалежныя асобы», анансаваў перамовы з чацьвёркай партый кіроўнай кааліцыі. Пасьля гэтага ён мае намер сустрэцца з прэзыдэнтам рэспублікі Зузанай Чапутавай. Менавіта кіраўнік дзяржавы, адпаведна славацкай Канстытуцыі, надзелены правам прызначаць прэмʼера.
Урадавы крызіс у Славаччыне пачаўся пасьля таго, як высьветлілася, што Матавіч без узгадненьня з партнэрамі ў кааліцыі заключыў дамову з Расеяй аб пастаўках «Спутника V». Зузана Чапутава раскрытыкавала дзеяньні прэмʼера. За лічаныя дні шасьцёра чальцоў ураду пакінулі свае пасады.