Журналіста Анджэя Пачобута, затрыманага ў Горадні 25 сакавіка, зьмясьцілі ў менскае СІЗА на Валадарскага, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
27 сакавіка яму змаглі перадаць перадачу калегі. Абвінавачаньні яму яшчэ не выстаўлялі, яго зьбіраюцца дапытаць у хуткім часе.
Анджэя Пачобута падазраюць у распальваньні нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці. Марыну Цішкоўскую і Ірэну Бярнацкую таксама ноччу прывезлі ў СІЗА на Валадарскага. У чым іх абвінавачваюць, як і ў выпадку з Анджэем Пачобутам, пакуль невядома.
Генэральная пракуратура 25 сакавіка паведаміла, што распачала ў дачыненьні да старшыні афіцыйна незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і «іншых асоб» справу паводле часткі 3 артыкула 130 КК (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасьці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб).
Ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.