МУС заявіла, што ў Гомлі затрымалі «адміністратарку дэструктыўнага тэлеграм-чату». На відэа ГУБАЗіК— 38-гадовая жанчына, якая спакойна адказвае на пытаньні пра Telegram: «Навошта вам мая асабістая інфармацыя? Гэта маё прыватнае жыцьцё».
Свабода пагутарыла з затрыманай. Гэта вядомы ў Гомлі псыхоляг Зоя Кавалькова. Яна расказала:
- пра сваё затрыманьне;
- пра міліцыянтаў, якія «ламалі» яе;
- як зьберагчы псыхічнае здароўе;
- як не паддацца паніцы і ня «здаць» сябе і іншых, трапіўшы ў пастарунак.
Афіцыйна
МУС паведаміў, што жыхарка Гомля «стварыла і адміністравала дэструктыўны тэлеграм-канал «Назва не прыдумана».
«Удзельнікі віртуальнай суполкі абмяркоўвалі паміж сабой пратэсты, каардынавалі дзеяньні ў час так званых дваровых і раённых маршаў». На жанчыну склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі.
Трапіла ў міліцыю за «адзеньне палітычных колераў»
Першы раз Зоя Кавалькова трапіла ў міліцыю ў кастрычніку. Напярэдадні Дня настаўніка яна з прыяцелькамі ўскладала кветкі да помніка графіні, мэцэнатцы Ірыне Паскевіч. Іх затрымаў АМАП. У рапарце міліцыянты напісалі, што жанчыны былі ў «адзеньні палітычных колераў» і ўскладалі кветкі да помніка нейкаму Сускевічу. Тады псыхоляг правяла 10 гадзін у РАУС. Справа да суду не дайшла.
Увосень Зоя актыўна зьбірала подпісы за адкліканьне дэпутата Віталя Уткіна.
«Я зьбірала подпісы адкрыта, галосна. У мяне з сабой была паперка ад МУС, што подпісы за тое, каб адклікаць дэпутата, зьбіраць не забаронена. Дарэчы, цяпер я думаю, што гэтыя „прыгоды“ з ГУБАЗіК — магчыма, помста дэпутата за маю актыўную пазыцыю», — кажа жыхарка Гомля.
Ад пачатку пратэстаў яна разьмясьціла ў сацыяльных сетках абвестку, што пацярпелым ад міліцэйскага гвалту аказвае псыхалягічную дапамогу бясплатна.
«Я вырашыла дапамагаць людзям тым, чым я магу. Многія беларусы зазналі псыхалягічны ціск, гвалт, і ім проста неабходная дапамога спэцыяліста, каб у бясьпечнай атмасфэры перажыць гэта ўсё», — дадае Зоя.
Два тыдні таму яе дапыталі ў СК як сьведку ў нейкай крымінальнай справе.
«Я дала падпіску аб невыдаваньні. Адзінае, што магу сказаць — у гэтай справе выклікалі ўсіх, хто зьбіраў подпісы за тое, каб адклікаць дэпутата па розных акругах Гомля. Мне ў СК задалі дваццаць шэсьць пытаньняў. Я на іх адказала», — удакладніла Зоя.
«Перада мной вырасьлі дзьве вялізныя фігуры ў чорных масках»
18 сакавіка Зоя паехала на таксі на працу. Толькі выйшла з аўтамабіля — і перад ёй «вырасьлі дзьве вялізныя фігуры ў чорных масках».
«Махнулі перад тварам пасьведчаньнем, папрасілі мае дакумэнты. Глянулі, адзін другому сказаў: „Так“ — і мяне павезьлі на Чырвонаармейскую. Там разьмешчаны аддзел транспартнай міліцыі — афіцыйна. Неафіцыйна там мяне дапытвалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Затрыманьне адбылося так хутка, што я была ў шоку. Мне не далі патэлефанаваць кліентцы, якая мяне чакала. Не дазволілі патэлефанаваць мужу, непаўналетняй дачцэ. У аддзеле я адмаўлялася размаўляць зь імі. Я казала, каб мне паказалі паперу. Бо ў нас такая дзяржава — на кожны крок павінна быць папера. Паперы не было, таму я спасылалася на артыкул 27 Канстытуцыі — ня сьведчыць супраць сябе», — успамінае псыхоляг.
«Апытвалі» яе розныя супрацоўнікі на працягу чатырох гадзін.
«Гэта быў суцэльны газлайтынг (форма псыхалягічнага ціску. — РС). Яны ўсё перакручвалі. Палохалі мяне ІЧУ, пагражалі крымінальнай справай, зачытвалі вытрымкі з тэлеграм-чату. Яны неяк праніклі ў закрыты чат. У нас там нічога такога не было. Проста засталіся людзі, якія ставілі свае подпісы супраць дэпутата. Абмяркоўвалі мы там ня тактыку і стратэгію пратэстаў, а побытавыя рэчы! Часам нехта кідаў якія-небудзь спасылкі. Карацей, яны чатыры гадзіны лілі мне ў вушы ўсялякае трызьненьне — пра блякаваньне чыгункі, яшчэ нешта; дапытваліся, хто ў тым чаце», — кажа псыхоляг.
«Адрэжам палец і прыкладзём да тэлефона»
Супрацоўнікі міліцыі нават згадвалі Фройда — з нэгатыўнай канатацыяй у бок Зоі.
«Што яны толькі не гарадзілі... Што Фройд пісаў пра сэксуальны аспэкт, што жанчыны ўдзельнічаюць у пратэстах, таму што яны не задаволеныя ў сэксе. У іх былі такія жарты: „Вось не даяце доступ да тэлефона — адрэжам ваш палец і прыкладзём. Хаця ён жа будзе акрываўлены, дык можа не спрацаваць“. І „гы-гы“ пры гэтым. Я не давала паказаньняў, бо маю такое канстытуцыйнае права. Тады яны селі ўдвух, гарталі тэлеграм-чат і перамаўляліся паміж сабой, але так, каб чула я, што „Гэта цягне на крыміналку“. Думалі, што я пачну хвалявацца і пачну тады гаварыць. Але я сядзела, лічыла дошкі на паркеце, квадраты на столі, малілася, у думках хадзіла па сваёй кватэры, па вёсцы — усялякім чынам абстрагавалася ад сытуацыі. Яны казалі мне, што я „нейкая дзіўная, нудная, і ці сапраўдны псыхоляг“. Выпытвалі ў мяне, што гавораць мне людзі, якія зьвяртаюцца па псыхалягічную дапамогу. То бок людзі наогул ня ведаюць пра канфідэнцыйную інфармацыю, этычныя нормы! Потым адзін другому сказаў ціха: „Я лічу, тут ня варта зьвязвацца“ — і мяне павезьлі ў Чыгуначны РАУС», — расказала Зоя.
У РАУС яна даведалася, што на яе склалі два пратаколы. Нібыта ранкам яна крычала матам, размахвала рукамі і «парушала спакой грамадзян», а калі да яе падышлі супрацоўнікі міліцыі — аказала непадпарадкаваньне: «кінулася наўцёкі і спрабавала ўчыніць бойку».
«І гэта ўсё разам — і ўцякала, і тут жа бойку спрабавала ўчыніць! Яшчэ ў пратаколе напісалі, што я нібыта плявалася! Гэта такі абсурд! Я казала ў РАУС, каб мяне пакінулі ў спакоі, што такія абвінавачаньні — гэта проста абсурд! Мяне там „накрыла“, я проста расплакалася ад абсурднасьці — як можна такі паклёп узводзіць пра маты, пра тое, што я не падпарадкавалася? Без аніякіх падстаў! Тым больш па новым заканадаўстве мяне не павінны былі трымаць больш за тры гадзіны, а я правяла ледзь ня дзень у міліцыі», — кажа Зоя.
Урэшце яе адпусьцілі з РАУС. Справу накіравалі на дапрацоўку, і, мусіць, будзе суд.
Парады псыхоляга затрыманым
Зоя кажа, што надта важна ў першыя хвіліны пасьля затрыманьня «ўключыць у сабе дарослую субасобу».
«Гэта значыць — што я маю і што магу з гэтым зрабіць. Рэальнасьць і дзеяньні з гэтай рэальнасьцю. Калі я пачынаю палохацца таго, што яшчэ не адбылося — я раблю няправільныя дзеяньні. Ёсьць гэтыя людзі, ёсьць я, і ёсьць 27 артыкул Канстытуцыі», — тлумачыць псыхоляг.
Яна раіць людзям паводзіць сябе стрымана, ветліва, карэктна, не падвышаць голас, размаўляць манатонна і марудна — гэта дапамагае не разьвіцца паніцы, «не адпраўляць свой страх на тое, што яшчэ не адбылося».
«Ня варта размаўляць без дакумэнта. Ёсьць дакумэнт — ёсьць размова», — дадае Зоя.
Важна дыхаць правільна — «слухаць, як удыхаю і выдыхаю», памятаць пра «тут і цяпер».
«Калі пачынаюць „душыць, ламаць, маніпуляваць“ — не паддавацца. Яны хлусяць і будуць хлусіць — такі ў іх мэтад працы, такі спосаб. Можна проста заткнуць вушы і ня слухаць іх. І праводзіць „зазямленьне“: „Тут і цяпер я ўсьведамляю крэсла, тумбачку, вакно, падлогу“ — тады ў галаву не ўваходзіць непатрэбная інфармацыя, гэтая хлусьня і маніпуляцыі, якой яны спрабуюць душыць. Варта ўзгадваць прыемныя моманты, падарожнічаць у думках, напрыклад, па сваёй кватэры», — кажа псыхоляг.
Яна раіць людзям зьвярацца са сваімі праблемамі да спэцыялістаў, якія дапамогуць перажыць пэўныя эмоцыі ў бясьпечным асяродзьдзі.
«Трэба ўсё гэта прагаворваць, перажываць тое, што не перажылі тады — гнеў, крыўду, злосьць. Рваць паперу, крычаць, тупаць нагамі... Бо калі тады, напрыклад, пры затрыманьні, гэтага не маглі зрабіць — то трэба потым. Інакш гэтая сытуацыя будзе разбураць цела, здароўе», — кажа Зоя.
Пра сябе яна дадала, што была вельмі ўсьцешаная падтрымкай беларусаў пасьля «інцыдэнту» ў ГУБАЗіК.
«Мне столькі людзей напісалі, падтрымалі. Мы такія чулыя і шчырыя, беларусы! Я адчула сябе важнай і патрэбнай», — зазначыла псыхоляг.
Яна працягне дапамагаць беларусам, якія пацярпелі ад гвалту і ціску. Бясплатна.