Па два з паловай гады ў калёніі ўдзельнікам пратэстаў у Жлобіне
Суд Жлобінскага раёну 22 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да мясцовых жыхароў — Віктара Шмігельскага, Ільлі Патрушава і Андрэя Шаўчука, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ім былі прад’яўленыя абвінавачваньні па артыкуле 342 КК (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і артыкуле 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Сяргеевіч, пракурор — Андрэй Аношка.
10 жніўня вечарам у Жлобіне маладыя людзі сталі ў счэпку і разам зь іншымі нанесьлі ўдары па шчытах супрацоўнікаў міліцыі, а таксама кінулі камяні ў іх бок.
На судзе высьветлілася, што прызнальныя паказаньні яны давалі пад ціскам і запалохваньнем. Андрэя Шаўчука зьбівалі, прымушаючы даць на відэа неабходныя паказаньні.
Судзьдзя Мікалай Сяргеевіч прызнаў усіх траіх вінаватымі па двух крымінальных артыкулах і абвясьціў канчатковы прысуд: па два з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Ільлю Патрушава, які да абвяшчэньня прысуду быў на волі пад асабістым паручальніцтвам, узялі пад варту ў залі суду.
Раней у Жлобіне за падзеі 10 жніўня 2020 году былі асуджаныя Яўген Каханоўскі, Дзьмітрый Гопта, Віталь Прохараў, Аляксандар Кісялёў, Сяргей Бекарэвіч, Андрэй Расулаў і яшчэ некалькі чалавек.
За «парушэньне грамадзкага парадку» судзяць сясьцёр Міронцавых
У судзе Савецкага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы сясьцёр Міронцавых.
У дачыненьні да Вікторыі і Анастасіі распачатая справа паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Ад кастрычніка 2020 году дзяўчаты пад вартай.
Палітвязьню Дзянісу Чыкалёву прысудзілі 3 гады «хіміі»
22 сакавіка суд Фрунзэнскага раёну Менску агучыў вырак 34-гадоваму палітвязьню Дзянісу Чыкалёву, інфармуюць праваабаронцы.
Судзьдзя Алена Бушава пастанавіла пакараць гамельчука трыма гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміяй»).
На час абскарджваньня прысуду яго адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў леташніх пратэстах 9 жніўня ў Менску. Спачатку ён праходзіў падазраваным паводле ч.2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), але пасьля артыкул замянілі на ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Чыкалёў, згодна з матэрыяламі справы, «зь іншымі асобамі ігнараваў законныя патрабаваньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, груба парушаў грамадзкі парадак, выкрыкваў розныя лёзунгі і рухаўся, у тым ліку ў „счэпцы“, па вуліцах Мельнікайце, Заслаўскай, а таксама праспэктах Пераможцаў і Машэрава ў Менску».
Па інфармацыі сьледзтва, раней ён «зьяўляўся адным зь лідэраў пратэставага руху „Зубар“, больш за 20 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці».
Аднавіўся суд над Віктарам Бабарыкам
22 сакавіка ў Маскоўскім судзе Менску пад юрысдыкцыяй Вярхоўнага суду аднавіўся працэс у «справе Белгазпрамбанку», у якім абвінавачваюць былога кіраўніка ўстановы Віктара Бабарыку. Яго вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Працэс аднавіўся пасьля перапынку ў цэлы месяц.
Таксама ў панядзелак адбыўся шэраг судоў у адміністрацыйных справах над затрыманымі ў выходныя.