Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне пасьля ператрусу журналіст спыніў адміністраваньне сацыяльнай сеткі


Працоўны кабінэт Сяргея Аржанцава пасьля ператрусу
Працоўны кабінэт Сяргея Аржанцава пасьля ператрусу

Незалежны журналіст з Клімавічаў Сяргей Аржанцаў вымушана прыпыніў адміністраваньне суполкі «Укантакце» — «Клімавіцкая старонка». Як тлумачыць журналіст, 19 сакавіка ў ягонай кватэры адбыўся ператрус, што «адбілася на працы суполкі» і «робіць далейшую яе дзейнасьць немагчымай».

На момант закрыцьця ў суполцы было 1749 падпісчыкаў. Аржанцаў у звароце да іх адзначае, што да далейшага абнаўленьня старонкі ня мае ніякага дачыненьня, бо да яе займелі доступ староньнія асобы. Ён кажа, што ў дзень ператрусу зьніклі фатаздымкі з альбомаў і некаторыя допісы.

Пасьля ператрусу журналіста пакінулі на волі. Аржанцаў кажа, што ператрус трываў паўтары гадзіны, а праводзіўся ў рамках крымінальнай справы, у якой расьсьледуецца дзейнасьць мясцовых сацыяльных сетак. Асаблівую ўвагу апэратыўнікі надавалі яго працоўнаму кабінэту. Хацелі забраць з архіву некаторыя выданьні, але перадумалі.

У мясцовым аддзеле Сьледчага камітэту супрацоўнікі, якія праводзілі ператрус, пісьмова папярэдзілі журналіста аб крымінальнай адказнасьці за экстрэмісцкую дзейнасьць.

Сяргею Аржанцаву 49 гадоў. Паводле адукацыі ён бібліятэкар. Зь незалежнымі выданьнямі пачаў супрацоўнічаць у 2000 годзе. У 2003-м стаў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG