Жонка Ігара Дар’я Лосік расказала Свабодзе, што яе мужа вярнулі ў камэру. Але ён тыдзень не атрымліваў лістоў з волі.
Палітзьняволены Ігар Лосік за кратамі з 25 чэрвеня. 11 сакавіка яму прад’явілі новае, ужо трэцяе абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
Жонка Ігара Дар’я Лосік, якая пасьля інцыдэнту ў турме выступіла са зваротам да грамадзтва і Аляксандра Лукашэнкі, расказала Свабодзе апошнія навіны пра стан мужа.
«У Ігара я была яшчэ ў аўторак, вазіла яму перадачу, — гаворыць Дар’я. — Сёньня таксама, разам з адвакатам. У аўторак Ігара з карцара перавялі ў камэру. Выглядае ён крыху лепш. Кажа, што вельмі сумуе па мне і дачцэ. Ігару пакуль не перадавалі лістоў. Верагодна, аддадуць яму іх у хуткім часе. Пакуль ён быў у карцары, перапіска забароненая. Настрой крыху лепшы ў Ігара, але я не скажу, што добры».
У чым цяпер абвінавачваюць кансультанта Свабоды, невядома, яго адвакат даў падпіску аб неразгалошваньні і ня можа назваць нават артыкул Крымінальнага кодэксу. Вядома толькі, што ён больш жорсткі, чым папярэднія.
«Рана на руцэ ў Ігара ўжо таксама лепш выглядае, — таксама расказала Дар’я Лосік. — Але ён даволі моцна прылажыўся, так скажам, таму яна яшчэ не зажыла. Ігар парэзаў сабе руку даволі глыбока. Яе апрацоўвалі і перавязвалі мэдыкі ў турме».
Ніякай інфармацыі пра ход сьледзтва па справе Ігара Лосіка, як і пра магчымы пачатак судовага працэсу, па-ранейшаму няма.
Тым часам у Беларусі і сьвеце працягваюцца акцыі ў падтрымку Ігара Лосіка і іншых беларускіх палітвязьняў. Так выглядаюць вокны сталага прадстаўніцтва Літвы ў Эўразьвязе ў Брусэлі.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.