Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За паўгода праз наступствы зьмены клімату перамясьціліся звыш 10 мільёнаў чалавек


Іран. Паводка ў Ахвазе, сьнежань 2020. За апошнія шэсьць месяцаў каля 60% унутрана перамешчаных асобаў жылі ў Азіі
Іран. Паводка ў Ахвазе, сьнежань 2020. За апошнія шэсьць месяцаў каля 60% унутрана перамешчаных асобаў жылі ў Азіі

За апошніх паўгода каля 10,3 мільёна чалавек былі вымушаныя пакінуць сваё жытло з прычыны кліматычных зьменаў, такіх як паводкі і засухі, большасьць зь іх — у Азіі. Пра гэта напісана ў дакладзе Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Паводле дадзеных арганізацыі, у той самы пэрыяд у выніку канфліктаў перамясьціліся каля 2,3 мільёна чалавек.

Хоць дадзеныя ахопліваюць толькі 6 месяцаў, ад верасьня 2020 году да лютага 2021 году, яны адлюстроўваюць паскарэньне глябальнай тэндэнцыі перамяшчэньня, зьвязанага з кліматам, сказала Гэлен Брант, каардынатарка ў пытаньнях міграцыі і перамяшчэньня ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне (IFRC), паведамляе Reuters.

Паводле Грант, сытуацыя пагаршаецца, бо зьмены клімату ўзмацняюцца такімі фактарамі, як беднасьць, канфлікты і палітычная нестабільнасьць. «Складанае ўзьдзеяньне робіць аднаўленьне больш працяглым і цяжкім: людзі ледзь пасьпяваюць асвойтацца, і іх спасьцігае чарговая катастрофа», — дадала яна.

Згодна са справаздачай IFRC, за апошнія шэсьць месяцаў 60% унутрана перамешчаных асобаў жылі ў Азіі.

Статыстыка Цэнтру маніторынгу ўнутраных перамяшчэньняў (IDMC) паказвае, што ў сярэднім штогод перасяляюцца 22,7 мільёна чалавек. Лічба ўключае перамяшчэньні, выкліканыя геафізычнымі зьявамі, такімі як землятрусы і вывяржэньні вульканаў, але пераважная большасьць перасяленьняў выкліканая зьявамі надвор’я.

У сьвеце ў 2018 годзе было перамешчана 17,2 мільёна чалавек, у 2019 годзе гэты паказьнік ужо складаў 24,9 мільёна. У Цэнтры маніторынгу ўнутраных перамяшчэньняў пакуль няма дадзеных за ўвесь 2020 год, але ў першай яго палове амаль 10 мільёнаў чалавек зьмянілі жытло з прычыны стыхійных бедзтваў.

Паводле ацэнак Інстытуту эканомікі і міру, да 2050 году больш за 1 мільярд чалавек сутыкнецца з вымушанай міграцыяй праз канфлікты і экалягічныя фактары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG