На захадзе Францыі, у рэгіёне Брэтань у пацыентаў выявілі заражэньне новым штамам каранавірусу, які выклікае COVID-19. Пра гэта паведаміла Міністэрства аховы здароўя Францыі.
Новы штам выяўлены ў выніку ўспышкі інфэкцыі ў шпіталі гораду Ляньён у дэпартамэнце Кот-д’Армор. Паводле зьвестак на 13 сакавіка, «у васьмі з 79 выяўленых у шпітальным цэнтры выпадкаў заражэньня каранавірусам гаворка ідзе пра новы штам», падкрэсьлілі ў міністэрстве.
У ведамстве адзначылі, што выявіць новы варыянт было складана: у пацыентаў сустракаліся сымптомы, тыповыя для COVID-19, аднак усе праведзеныя тэсты давалі адмоўны вынік. Для дыягнаставаньня заражэньня гэтай разнавіднасьцю вірусу можа спатрэбіцца сэралягічны аналіз крыві.
Паводле папярэдніх зьвестак, новы штам ня больш небясьпечны за першасны.
У Францыі выявілі больш за чатыры мільёны выпадкаў заражэньня каранавірусам, амаль 91 тысяча інфікаваных памерлі. У краіне дзейнічаюць абмежавальныя меры і ўведзена камэнданцкая гадзіна.