Рашэньне, ці пакінуць адвакацкую ліцэнзію ў сіле, прымуць на пасяджэньні кваліфікацыйнай камісіі ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці, напісаў Сяргей Зікрацкі. Пасяджэньне прызначылі на 24 сакавіка.
Прычынай пераатэстацыі сталі выказваньні Зікрацкага ў СМІ, якія Міністэрства юстыцыі палічыла «недастаткова кваліфікаванымі». Скаргаў на юрыста ад кліентаў не паступала.
Зікрацкі працуе адвакатам ад 2013 году. Па яго падліках, за гэты час ён удзельнічаў больш, як у 280 грамадзянскіх і гаспадарчых справах, што складае прыкладна 3 новыя справы штомесяц. Апошнім часам Зікрацкі абараняе інтарэсы арыштаваных супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» і бярэ ўдзел у іншых палітычных працэсах.
3 сакавіка ў ведамства выклікалі сем адвакатаў. Атэстацыю прайшоў толькі адзін, трое прайшлі ўмоўна, а Мікалай Ётка, Андрэй Барташэвіч, Алена Шынкарэвіч атэстацыі не прайшлі, што лічыцца падставай для пазбаўленьня іх ліцэнзіі.
Цяпер у Беларусі каля 200 адвакатаў, якія абараняюць грамадзян у рэзанансных справах, зьвязаных з правамі чалавека і палітычнымі працэсамі.
За апошні час ведамства пазбавіла ліцэнзій Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак, гэта адвакаты Марыі Калесьнікавай. Супраць двух іншых яе абаронцаў, Ільлі Салея і Максіма Знака, распачалі крымінальныя справы. Акрамя таго, ліцэнзій ужо ня маюць адвакаты Юлія Леванчук, Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан.