Па словах відавочцаў, некаторых пратэстоўцаў забілі стрэламі ў галаву.
Пра гэта паведамляе ВВС.
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвінаваціла вайскоўцаў у забойстве, сьцьвярджаючы, што супраць няўзброеных дэманстрантаў ужывалі баявую зброю, страляючы на паражэньне.
«Гэта ня нейкія дзеяньні асобных супрацоўнікаў, якія прымаюць няслушныя рашэньні. Гэта сьвядомыя крывавыя мэтады спрактыкаваных камандзіраў, якія ўжо былі замяшаныя ў злачынствы супраць чалавечнасьці», — заявіла прадстаўніца Amnesty Джоан Марынэр.
Мʼянма ахоплена вулічнымі пратэстамі з тых часоў, як вайскоўцы захапілі ўладу і затрымалі фактычную лідэрку краіны Аўн Сан Су Чы.
ААН, ЗША і шэраг іншых краінаў асудзілі забойства мірных жыхароў, якія выступаюць супраць перавароту ў Мʼянме, і заклікалі новыя ўлады праяўляць стрыманасьць.
Аўн Сан Су Чы застаецца пад арыштам з пачатку перавароту, з 1 лютага. З моманту затрыманьня ёй прадʼявілі шэраг абвінавачаньняў, але ўчора было прадʼяўленае самае сурʼёзнае — у атрыманьні хабару памерам звыш мільёна даляраў.
Паводле абвінавачваньня, грошы і золата перадаў ёй кіраўнік сталіцы Янгону. Паводле прадстаўнікоў вайсковага рэжыму, ён сам расказаў пра хабар. Аднак іншых доказаў таго, што Аўн Сан Су Чы атрымлівала хабар, прадʼяўлена не было.
Дэпутат ад яе партыі «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» назваў абвінавачваньні паклёпам.
«Яны абвінавачваюць палітыкаў у крадзяжы, у той час як самі беспакарана забіваюць нявінных людзей на вуліцах Мʼянмы», — сказаў дэпутат.