На дадзеныя аб выніках дзейнасьці дзяржаўных арганізацый за мінулы год, якія апублікаваў Нацыянальны статычны камітэт, спасылаецца БелаПАН.
Рэзкае пагаршэньне фінансавай сытуацыі назіраецца практычна паўсюдна. Так, у будаўніцтве зафіксаваныя страты звыш 2 млрд рублёў. Аналагічныя паказьнікі мае Астравецкі раён, таму эканамісты лічаць, што гэты адмоўны вынік будаўніцтва БелАЭС.
У дрэваапрацоўцы страты дасягнулі 378 млн рублёў, транспартнікі спрацавалі ў мінус на 321 млн, вытворцы плястыкавых і немэталічных вырабаў — на 210 млн, машынабудаваньне — на 162 млн.
На думку эканамістаў, такія значныя страты ў дзяржсэктары могуць быць зьвязаныя зь леташняй дэвальвацыяй, якая прывяла да пераацэнкі абавязаньняў дзяржпрадпрыемстваў, намінаваных у замежнай валюце. Акрамя таго, гэта справакавана імкненьнем прадпрыемстваў выконваць дырэктыўныя ўказаньні на падтрымку аб’ёмаў прамысловай вытворчасьці ва ўмовах пандэміі.
Экспэрты чакаюць, што рост стратаў у дзяржсэктары абвострыць праблемы з платаздольнасьцю. У студзені Нацыянальны банк заявіў, што шэраг дзяржаўных суб’ектаў маюць абмежаваныя магчымасьці ў самастойным абслугоўваньні доўгу. Аб’ём запазычанасьці ацэньваецца на ўзроўні 14% да ВУП.
«Мяркуючы па дзеяньнях уладаў, дакладнага разуменьня, што рабіць з праблемнымі прадпрыемствамі, у іх няма. Год пачаўся з угодаў, у рамках якіх дзяржаўныя банкі сьпісалі праблемныя пазыкі прадпрыемстваў, некаторыя канвэртаваліся ў акцыі і перадаваліся банкам ці былі канвэртаваныя ў дзярждоўг», — адзначыў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Дзьмітры Крук.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што плацяжы па дзярждоўгу ажыцьцяўляюцца за кошт сродкаў бюджэту, які напаўняецца падаткаплатнікамі. А перакладаньне пазык на дзяржаўны бюджэт прыводзіць да таго, што карпаратыўныя праблемы становяцца патэнцыйным галаўным болем ўсяго беларускага грамадзтва.