Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расколу няма, ёсьць недаінфармаваньне». Латушка аб праекце Канстытуцыі Ціханоўскай


Павал Латушка
Павал Латушка

Каманда Сьвятланы Ціханоўскай апублікавала ўласны праект Канстытуцыі краіны. У ім прапаноўваецца ўсталяваць парлямэнцкую рэспубліку, дзе захоўваецца пасада прэзыдэнта з прадстаўнічымі функцыямі.

Пра сваё стаўленьне да праекту расказаў тэлеканалу «Настоящее время» чалец прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка.

— Павал, а ці ведалі вы асабіста пра абнародаваньне гэтага дакумэнту?

— Я скажу так, што я ведаў, што такі дакумэнт рыхтуецца, але тое, што адбудзецца гэта менавіта ўчора, я ня ведаў, прызнаюся шчыра.

— А для вас гэта стала нечаканасьцю?

— У пэўнай ступені. Было б, напэўна, найбольш правільным варыянтам, калі б мы абмеркавалі ў больш шырокім пляне гэты праект, атрымалі агульную згоду і выйшлі да грамадзтва з адзінай пазыцыяй. Але гэта не азначае, што пад гэтым праектам канстытуцыі мы не гатовыя падпісацца ці не гатовыя яго падтрымаць.

— А чаму гэтага не адбылося? Чаму вы не выступілі адзіным фронтам?

— Вы задаеце досыць складаныя пытаньні; з аднаго боку, простыя, — і досыць складаныя. Можа быць, сапраўды, часам не хапае камунікацыі, узаемаадносінаў, гэта значыць, мы кажам, што ёсьць паняцьце «лідэрства». Лідэрства прадугледжвае, што лідэр вядзе за сабой, лідэры вядуць за сабой, лідэры прыцягваюць максымальныя рэсурсы для таго, каб прымаць тыя ці іншыя рашэньні, выпрацоўваць тыя ці іншыя рашэньні, распрацоўваць такія дакумэнты. Таму тут, вядома, пытаньне не да мяне.

— Калі пакінуць за дужкамі, як прымаўся гэты праект Канстытуцыі Беларусі, што вы ў цэлым думаеце пра яго?

— Я выступаю як палітык за парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку, што і закладаецца ў прапанаваным праекце Канстытуцыі. Я лічу, што крытычны досьвед апошніх 27 гадоў гаворыць пра тое, што нам неабходна адмаўляцца ад прэзыдэнцкай рэспублікі, каб не ствараць перадумоў для зьяўленьня новай дыктатуры ў Беларусі. Мы зацікаўлены ў сыстэме стрыманьня і процівагаў паміж галінамі ўлады. Вельмі важна, каб ключавую ролю ігралі выбары — сумленныя, адкрытыя і празрыстыя, выбары ў парлямэнт, калі перамагае пэўная палітычная партыя ці кааліцыя, якая прызначае прэм’ер-міністра праз рашэньне парлямэнту.

Прэзыдэнт — гэта фігура, якая важная, безумоўна, але яна мусіць зьяўляцца пэўным элемэнтам стрымліваньня або процівагай, калі недапушчальна будзе ўчыненьне нейкіх антыканстытуцыйных дзеяньняў з боку той ці іншай палітычнай сілы ў парлямэнце, якая прыйшла да ўлады, або парушэньне Канстытуцыі выканаўчай уладай. Гэта права вэта, якое дзейнічае ў многіх эўрапейскіх дэмакратыях. Мы ведаем такія прыклады ў Аўстрыі, Нямеччыне, Польшчы і Літве, калі захоўваюцца інстытуты прэзыдэнта, але пры гэтым галоўную ролю выконваюць канцлеры ці прэмʼер-міністры.

Вядома, нам здаецца цяпер важным вынесьці гэтыя базавыя пытаньні, прадстаўленыя штабам Святланы Ціханоўскай, на абмеркаваньне людзей і паставіць на лічбавы рэфэрэндум, які мы зараз рыхтуем, пра што мы дамовіліся са штабам Святланы Ціханоўскай. І мы прадставілі гэтую ідэю ў Каардынацыйнай радзе для таго, каб менавіта грамадзяне Беларусі шляхам адкрытага ўдзелу ў галасаваньні празь лічбавую бясьпечную плятформу выказаліся за парлямэнцкую рэспубліку, за парлямэнцка-прэзыдэнцкую або за прэзыдэнцкую, за нэўтральны статус Беларусі ці за нейкія вэктары ў замежнай палітыцы і за іншыя элемэнты, вельмі важныя для будучыні Беларусі.

— Можна ў вас яшчэ спытаць: а ці ёсьць пункты, зь якімі вы катэгарычна не згодны?

— Я не гатовы зараз уваходзіць, можа быць, у такую дэталёвую дыскусію, для гэтага неабходна сапраўды правесьці аналіз. Я ведаю, што сёньня гэтае пытаньне абмяркоўвалася ў рамках Каардынацыйнай рады. Учора ўвечары і сёньня раніцай была дыскусія ў Каардынацыйнай радзе, я таксама браў у ёй удзел, і ў бліжэйшы час плянуецца прэзэнтацыя праекту, дзе мы выкажам сваю пазыцыю наконт таго праекту, які быў прадстаўлены ўвазе беларускага грамадзтва.

Тое, што гэтая праца зробленая, гэта ўжо важна. Я не хацеў бы тут казаць, што гэта ўсё бескарысна або бессэнсоўна, гэта вельмі сурʼёзная, важная і неабходная праца. Але ў працу трэба прыцягваць максымальна шырокае кола, у тым ліку новых палітычных сілаў, палітычных цэнтраў ці структур, такіх як Каардынацыйная рада.

І Каардынацыйная рада зьвярнуўся ў штаб Святланы Ціханоўскай. Мы спадзяёмся, што неўзабаве ў рамках Каардынацыйнай рады адбудзецца больш глыбокае і дэталёвае абмеркаваньне.

— Як вы ставіцеся да такога пункту праекту Канстытуцыі: дзьве дзяржаўныя мовы — беларуская і расейская?

— Я ў мінулым міністар культуры, і я заўсёды падтрымліваў нацыянальную мову ў якасьці дзяржаўнай мовы, беларускую мову. Гэта вельмі важна для кожнага народу, для кожнай нацыі — павага да сваёй гісторыі, каранёў, разьвіцьцё нацыянальных сымбаляў, і такім сымбалем зьяўляецца для нас усіх, беларусаў, беларуская мова. Гэта абсалютна натуральна, гэта ажыцьцяўляе кожная дзяржава, кожны народ. Прапануецца перш за ўсё працаваць над тым, каб павысіць статус беларускай мовы. Сапраўды, на сёньняшні дзень у нас ёсьць такая праблема.

Беларуская мова зьяўляецца ў пэўнай ступені элемэнтам палітыкі. Тыя, хто размаўляе па-беларуску, чамусьці ўспрымаліся заўсёды ўладай як апазыцыянэры. Я быў адзіным чальцом ураду, які ўжываў адкрыта беларускую мову.

Не скажу, што гэта заўсёды выклікала, так скажам, пазытыўныя ацэнкі з боку некаторых калегаў у органах улады. Для мяне гэта было ў пэўнай ступені абсурдам, незразумелым, бо ўжываньне міністрам культуры мовы тытульнай нацыі — гэта натуральна і лягічна. Так што гаворка ідзе пра тое, каб вывесьці беларускую мову з тэматыкі палітычнай, апазыцыйнай тэматыкі, пашырыць магчымасьць для яе разьвіцьця, калі і СМІ, і адукацыю на беларускай мове будуць даступнымі, калі гэта будзе не гвалтоўным мэтадам ажыцьцяўляцца, а нармальным эвалюцыйным шляхам, калі сапраўды рэальна дзьве мовы атрымаюць статус дзяржаўнай.

А далейшыя пэрспэктывы будуць залежаць ад грамадзтва — наколькі грамадзтва будзе гатовае да далейшых крокаў.

— Ці сьведчыць пра раскол у апазыцыі той факт, што каманда Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйная рада ў такіх важных пытаньнях, як праект Канстытуцыі Беларусі, працуюць ня разам?

— Я б не хацеў гаварыць пра раскол абсалютна. Расколу няма, ёсьць адзіныя мэты, ёсьць інструмэнты, якія выкарыстоўваюць і Каардынацыйная рада, і штаб Святланы Ціханоўскай, і Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, якое я ўзначальваю. Мы выкарыстоўваем гэты інструмэнтарый для таго, каб дасягнуць агульных мэтаў. Вядома, як у любым нармальным дэмакратычным працэсе, узьнікаюць, можа быць, моманты, зьвязаныя зь недаінфармаваньнем, недаўлічваньнем пазыцый аднаго або другога боку, але гэта нармальна.

Я б ня стаў гіпэрбалізаваць гэтую праблему. Каардынацыйная рада заўсёды адкрытая да камунікацыі. Я ўпэўнены, што і штаб Святланы Ціханоўскай таксама адкрыты да абмеркаваньня ўсіх праблемных пытаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG