Аднак напярэдадні старту чэмпіянату краіны 12 сакавіка эмблему адрэдагавалі.
Як тлумачылі раней у адміністрацыі каманды, Пагоню ўзялі з герба Рэчыцы, дзе яна апынулася сотні гадоў таму, а сучасны варыянт гарадзкога сымбаля яшчэ ў 2005 годзе зацьвердзіў Аляксандар Лукашэнка.
Аднак знаходжаньне нацыянальнай сымболікі на эмблеме камусьці не спадабалася, не выключае спартовы рэсурс «Трыбуна». Прынамсі, у апублікаваным на афіцыйнай старонцы раскладзе першага туру Пагоні на лягатыпе «Спадарожніка» ужо няма.
Прытым на рэпосьце ў групе Беларускай фэдэрацыі футболу ў першапачатковым варыянце календара Пагоня была. Іншымі словамі, візуальную частку папросту абнавілі.
Пад абноўленым лога ў сацсетках клюбу ўжо зьявіліся нэгатыўныя камэнтары абураных заўзятараў.
Першы тур чэмпіянату найвышэйшай лігі Беларусі ў футболе пачынаецца 12 сакавіка. Бальшыня фанацкіх груповак ужо заявілі пра байкот матчаў, аж пакуль ня зьменіцца палітычны рэжым у краіне.
Дырэктар клюбу Алег Манастырскі гэтак патлумачыў «Эўрарадыё», чаму зьнікла Пагоня: «Спачатку мы ні з кім [лягатып] не ўзгаднялі. А калі паўстала пытаньне аб узгадненьні, нам сказалі, што вось так і так будзе лепш. Кантактавалі зь мясцовымі ўладамі, кантактавалі са спонсарамі. Гэтым займаліся спэцыялісты, яны там нешта стэлефанаваліся, павырашалі. Я кажу: мне ўсё роўна, рабіце што хочаце, мне гэтыя карцінкі ня важныя. Для мяне гэта не было вялікай праблемай».
Ужо зьявілася пэтыцыя за вяртаньне Пагоні на лягатып.