Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора ў Менску затрымалі жанчын, у якіх ёсьць дзеці. На ноч іх незаконна пакінулі ў турме на Акрэсьціна


Турма на завулку Акрэсьціна ў Менску. Архіўнае фота.
Турма на завулку Акрэсьціна ў Менску. Архіўнае фота.

Згодна з абноўленым Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, які набыў моц 1 сакавіка, жанчын зь дзецьмі ня могуць затрымліваць больш, чым на тры гадзіны.

Як паведамляе Тut.by, увечары 10 сакавіка ў менскім мікрараёне Лебядзіны затрымалі больш за дзесяць чалавек. Сярод іх некалькі жанчын. Як мінімум дзьве зь іх выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Згодна з законам, іх ня могуць затрымліваць даўжэй, чым на тры гадзіны. Тым ня менш ноч яны правялі ў ІЧУ на Акрэсьціна.

Адну з затрыманых жанчын завуць Вера Андрыеўская. Яна выхоўвае трохгадовую дачку. Жанчыну затрымалі ўвечары 10 сакавіка пасьля 20 гадзін, расказвае яе мама Алена Ўладзімераўна, якая з раніцы дзяжурыць у судзе, а ўчора да дзьвюх гадзін ночы стаяла пад дзьвярыма Цэнтральнага РУУС Менску.

«Мы казалі, што дома ў Веры маленькая дачка, і яе, як вынікае з новага ПВКаАП, ня могуць затрымліваць больш, чым на тры гадзіны. Але ніхто яе не адпусьціў, а бліжэй да раніцы яе перавезьлі на Акрэсьціна»,—кажа маці.

Алена Ўладзімераўна паведаміла, што непаўналетнія дзеці ёсьць і ў іншых затрыманых жанчын. Муж адной зь іх учора таксама дзяжурыў пад сьценамі РУУС і гаварыў пра тое, што ў іхнай сям’і двое дзяцей, якім няма 18 гадоў. Але дадому жонка не вярнулася, раніцай яе імя зьявілася ў сьпісах ІЧУ ГУУС Менскага гарвыканкаму. Пасьля 10 гадзін яе адпусьцілі з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Паводле адваката Веры Андрыеўскай, сказаць пра справу яна пакуль нічога ня можа: яшчэ не знаёмілася зь ёй. Адвакат мае намер пісаць скаргу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG