«Калегія судзьдзяў, якая прызнала аргумэнты апэляцыйнай скаргі неабгрунтаванымі, адхіліла яе, а рашэньне суду першай інстанцыі пакідае нязьменным», — цытуе пастанову агенцтва «Інтэрфакс».
Такім чынам, суд паставіў кропку ў паўгадавой спрэчцы кампаніі з уладамі Літвы, якія лічаць Birių krovinių terminalas кампаніяй, якая не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі. Папярэдняя інстанцыя, Віленскі акруговы адміністрацыйны суд, прыняла адпаведную пастанову ў сьнежні 2020 году.
«Беларуськалій» валодае 30%-й доляй Birių krovinių terminalas у порце Клайпеды. 70% належыць літоўскаму бізнэсоўцу Ігару Ўдавіцкаму. Ён таксама валодае 100% суседняга тэрміналу ў порце Клайпеды Nemuno terminalas.
«Беларуськалій» пакуль не ўключылі ў санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу. Пашырэньне тэрмінала ў Клайпедзкім порце пад беларускія грузы абмяркоўвалася даўно, бо пастаўкі праз Клайпеду даволі выгадныя для «Беларуськалію».
Але нядаўна ў беларускім Мінтрансе заявілі, што гатовыя абмяркоўваць перанакіраваньне экспарту калійных угнаеньняў у парты Расеі. Гэтага запатрабаваў летась Аляксандар Лукашэнка як меры ў адказ на санкцыі балтыйскіх краінаў.