Мерапрыемства адбывалася ў менскім бізнэс-клюбе «Імагуру». Сёньня там меліся выбіраць старшыню Студэнцкага прафсаюзу.
Паводле тэлеграм-канала Каардынацыйнай Рады, у «Імагуру» адбывалася ўстаноўчая канфэрэнцыя Лігі студэнцкіх аб’яднаньняў. Менавіта на яе і зьявіліся сілавікі. Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі былі два чальцы асноўнага складу Каардынацыйнай Рады — палітоляг і грамадзкі дзеяч Андрэй Ягораў і палітык Віталь Рымашэўскі (Віталя Рымашэўскага пазьней адпусьцілі з РУУС, Андрэя Ягорава адправілі ў ЦІП на Акрэсьціна).
Затрымалі таксама журналіста Арцёма Ляву, які рыхтаваў матэрыял зь мерапрыемства. Яго разам з тэхнікай даставілі ў РУУС, але пазьней выпусьцілі, паведамляе БАЖ.
Валянтэры @spiski_okrestina і тэлеграм-канал «Студэнцкая думка» публікуюць сьпісы затрыманых:
Як расказала ў Фэйсбуку заснавальніца бізнэс-клюбу Imaguru Тацяна Марыніч, пасьля ўварваньня сілавікоў супрацоўнікі і каворкеры ня мелі магчымасьці пакінуць памяшканьне або ўвайсьці ў будынак. Удзельнікаў канфэрэнцыі вывелі з будынку, пасадзілі ў аўтазакі і павезьлі. Сярод затрыманых ёсьць супрацоўнік Imaguru.
«Мы не разумеем, калі і як гэта скончыцца. Мы расцэньваем тое, што здарылася, як сілавы захоп, які ня мае пад сабой ніякай прававой асновы. Гэта новая хваля рэпрэсій, маскі-шоў у офісах, якая ставіць мэтай пад сабой застрашваньне і ліквідацыю ўсіх актыўных і вальнадумных людзей», — напісала Тацяна Марыніч.
У незалежны прафсаюз ЛіСА ўвайшлі прадстаўнікі мясцовых ініцыятыў студэнтаў сямі ВНУ: Белдзяржунівэрсытэту (БДУ), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту (БНТУ), Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка (БДПУ), Беларускага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту (БДМУ), Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ), Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў (БДУКМ) і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (БДАМ).
На ўстаноўчай канфэрэнцыі ЛіСА плянавалася правесьці выбары кіраўніцтва, прыняць праграмы дзеяньняў, абмеркаваць пляны працы арганізацыі, паслухаць лідэраў мясцовых студэнцкіх арганізацый.
Як раней паведаміла БелаПАН намесьнік старшыні аднаго з арганізатараў канфэрэнцыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Марыя Тарадзецкая, мэта новага прафсаюзу — абараняць і адстойваць правы студэнтаў законнымі мэтадамі, аказваць ім юрыдычную дапамогу, садзейнічаць паляпшэньню ўмоваў навучаньня.