Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: сакавік


Эдуар Манэ, «Чыгунка» (1873)
Эдуар Манэ, «Чыгунка» (1873)

У нашым штомесячным Літаратурным календары — агляд кніжных навінак сакавіка 2021.

Іхніх чытачоў кідаюць за краты, іх не прапускае мытня да замежных прыхільнікаў, іхнім новым выдаўцам не даюць ліцэнзіяў, а ранейшым блякуюць вытворчы працэс — і ўсё-такі яны выходзяць. Беларускія кнігі ўжо немагчыма забараніць, як немагчыма забараніць цяпло вясновага сонца, барвы першацьветаў і аксаміт маладое лістоты.

Паэзія

Сяргей Астрэйка. «Змарагды кроз». Менск, «Галіяфы».

Сяргей Астрэйка (1912–1937) — таленавіты беларускі творца міжваеннага пакаленьня. Пры жыцьці паэт, які стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій, так і не пасьпеў выдаць ніводнай кнігі; няшмат у яго было і публікацый у друку. Праз 84 гады пасьля расстрэлу ўпершыню пад адной вокладкай сабраныя бадай усе вядомыя на сёньня ягоныя творы.

Аблудныя цені ля чорных балясаў.
(Паэта сьлюнявіць асушкі падзей.)
Пазначана месца на сьметніку часу
Ягонай рупоце і слоўнай нудзе.

Трывожнага ж крыку ня зрэжа іржа,
Пакора сталецьцяў надзей не ўлыгала.
Трухлявай рукою абмацаюць жах
Азызлыя вылюдкі земнае галы.

З паэмы «Бэнгалія»

Проза

Вінцэсь Мудроў. «Мэліярацыя з Альбэрам Камю». Менск, «Кнігазбор».

Новую кнігу прызнанага майстра прозы з Наваполацку складаюць 10 апавяданьняў, у якіх аўтар піша пра цяпершчыну і часы сваёй маладосьці. Верны іранічнаму, а часам саркастычнаму стылю, ён выбірае сваімі пэрсанажамі часьцей за ўсё людзей, добра яму знаёмых сваёй неардынарнасьцю і пакручастым жыцьцёвым лёсам. Але ў гэтай кнізе яскрава праскакваюць ноткі ня толькі пацьвельваньня над іх недалужнасьцю, але і адназначнага прысуду сыстэме, якая іх спарадзіла.

Ева Вежнавец. «Па што ідзеш, воўча?» Менск, «Цымбераў» — «Пфляўмбаўм».

Проза, якая кшталтавалася і гартавалася, каб зьвінець, як лязо. Аўтарка, творы якой тыя, хто яе ведае, чакалі трынаццаць гадоў. «Па што ідзеш, воўча?» — другая кніга Евы Вежнавец. Пасьля выхаду «Шляху дробнай сволачы» ў 2008 годзе «Наша Ніва» пісала: «Ева Вежнавец — адзін з самых непаўторных празаічных галасоў сёньняшняй Беларусі. Яна піша па-жаночаму. Яна піша па-чарадзейску. Яе пяром прамаўляюць тыя, хто самі ня ўмеюць або ня хочуць трымаць пяро. Ад часу, калі ў першым нумары часопіса „ARCHE“, у 1998 годзе, выйшаў яе аповед „Мы два хохлікі“, яна мае верных чытачоў».

Таня Скарынкіна. «Райцэнтр». Менск, «Цымбераў» — «Пфляўмбаўм».

Эсэ Тані Скарынкінай — як люстэрка насупраць люстэрка. Зацягваюць і заварожваюць. Як заварожвае някідкая прыгажосьць яе роднае Смаргоні, дзе яна жыве і пра дух і людзей якое не стамляецца пісаць з тонкай іроніяй і непрыхаваным замілаваньнем.

Сяргей Пляскач. «ДМБ-91: зычу вярнуцца дадому». Менск, «Галіяфы».

У рамане «ДМБ-91: зычу вярнуцца дадому» аўтар паказвае пэрыяд распаду савецкай імпэрыі. Галоўны герой Міхал Радзевіч трапляе ў войска, дзе сутыкаецца з поўным бяспраўем, дзедаўшчынай, крадзяжамі ды п’янствам. Асноўным клопатам героя становіцца праблема фізычнага выжываньня.

Нон-фікшн

Праект «VEHA». «Дзявочы вечар» і «Апошні фотаздымак». Фотаальбомы. Куратар Леся Пчолка. Менск, «Галіяфы».

Альбомы візуалізуюць дзьве глябальныя вехі чалавечага лёсу — стварэньне сям’і і разьвітаньне з памерлым чалавекам. Рэдактарка кніг Лідзія Міхеева піша:

«Праз гэтыя падзеі мы прасочваем цэлае стагодзьдзе ў жыцьці нашых суайчыньнікаў з розных сацыяльных груп і рэгіёнаў. Я ўмоўна (пра сябе) назвала два альбомы „белай“ і „чорнай“ кнігай, бо вобразы і эмоцыі, якімі яны прасякнуты, як дзень і ноч, агонь і цемра, разам зьяўляюцца непарушнай еднасьцю, якую трэба прыняць і пражыць кожнаму ці кожнай. Альбомы паказваюць, як праз гэта прайшлі больш як тры пакаленьні нашых продкаў. Я знайшла ў гэтых альбомах безьліч зачэпак для разваг пра штодзённасьць беларусаў у ХХ стагодзьдзі і шмат неймаверна хвалюючых дэталяў, якія можна разглядаць бясконца. Як цікаўным позіркам дасьледчыка, так і любячымі вачыма чалавека, які аднаўляе повязь са сваімі вытокамі».

Воля Дземка. «Беларускі строй». Менск, «Цымбераў».

Гэта каталёг традыцыйнага адзеньня ў Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў. Строі, у якіх у мінулым красаваліся беларускі, не адзін год зьбіралі, аднаўлялі і рэканструявалі паводле старых фатаздымкаў нашы сучасьнікі — сьпявачка, кінавытворца і прадусарка Воля Дземка, якая цяпер жыве ў Сіетле (ЗША), і яе паплечніцы з фальклёрнага гурту VOLYA. У каталёгу прадстаўленая адна з найбуйнейшых прыватных калекцый беларускага народнага адзеньня, сабраная па-за межамі краіны. 16 поўных камплектаў з 79 прадметаў жаночага адзеньня і аксэсуараў ад 1880-х да 1940-х гг, якія дагэтуль нідзе не выстаўляліся.

Дызайн і аздабленьне ўбораў адлюстроўваюць адметнасьці пяці з шасьці гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. За кожным прадметам свая гісторыя, спалучэньне шчасьлівага выпадку, звычайнага цуду і імпэту людзей, улюбёных у беларускую народную культуру. На 50 старонках ажывае гісторыя краіны, прашытая сымбалямі на кашулях, хустках і фартухах, напоўненая ўрачыстым настроем, прасякнутая цеплынёй умелых рук беларускіх майстрых.

Падзеі

21 сакавіка — Сусьветны дзень паэзіі

У сувязі з пандэміяй амаль усе імпрэзы, прымеркаваныя да гэта дня, пройдуць онлайн.

«Добрая бібліятэка» — новая дабрачынная ініцыятыва інтэрнэт-кнігарні OZ.by.

Мэта праекту — садзейнічаць стварэньню безбар’ернага гуманітарнага асяродзьдзя, у якім у кожнага беларуса будзе доступ да патрэбнай літаратуры, а зь яе дапамогай — роўныя магчымасьці ў самаразьвіцьці і сацыялізацыі. «Добрая бібліятэка» зьбірае кнігі ў розныя сацыяльныя ўстановы краіны. Падтрымаць ініцыятыву можа кожны ахвотны, падарыўшы любімую літаратуру з хатняй калекцыі альбо набыўшы новыя кнігі. Для збору кніг у Менску на праспэкце Пераможцаў, 3 у краме ўцэненых тавараў OZ.by усталяваны спэцыяльны бокс «Добрай Бібліятэкі». Другі такі бокс бліжэйшым часам зьявіцца ў Горадні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG