Ён прызнаў віну часткова: што стаяў у счэпцы, выходзіў з пратэстамі супраць фальсыфікацыі выбараў на вуліцу; але адмовіў, што браў у іх актыўны ўдзел.
Пракурор Маскоўскага раёна Раман Бізюк прасіў для палітвязня два гады «хіміі».
На час абскарджваньня прысуду Антон Бяленскі быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.
У матэрыялах справы ёсьць зьвесткі, што Бяленскі адгаворваў групу маладых людзей, якія спрабавалі разабраць плітку на ходніках, каб кідаць яе ў міліцыянтаў. Бяленскі казаў гэтым хлопцам, што пратэст павінен быць мірны.
Напярэдадні на працэсе судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка выдаліла прысутных, усяго больш за 20 чалавек. Сярод іх былі сваякі падсуднага, ягоныя сябры і калегі па штабе. Падставай стаў сьмех у залі, які прагучаў пасьля таго, як пракурор адмовіўся патлумачыць на просьбу адваката, чаму ў матэрыяльны пазоў Бяленскаму (звыш 6 тысяч рублёў) уключаны страты за спыненьне транспарту. На думку адваката, гэтыя страты ня маюць да ягонага падабароннага ніякага дачыненьня.
Антону Бяленскаму ў ліпені будзе 30 гадоў. Ён скончыў БДУ, займаецца бізнэсам. Быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і валянтэрам ініцыятывы па назіраньні за выбарамі «Честные люди».
Затрымалі Бяленскага 10 жніўня ў гатэлі «Беларусь» супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Пры затрыманьні, як сказаў бацька падсуднага Ігар, Антона білі.
Спачатку яго падазравалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Абаронца Антона Бяленскага зьвярнула ўвагу суду на тое, што 9 жніўня адносна Бяленскага вяліся апэратыўныя мерапрыемствы, ягоны тэлефон праслухоўваўся. Пракурор лічыць, гэта рабілася законна; абаронца ў гэтым сумняваецца, бо ня бачыць падстаў. Паводле адваката, актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках 9 жніўня Бяленскі ня браў, загадзя да іх не рыхтаваўся.
12 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі бацьку Антона Бяленскага — Ігара. Паводле мужчыны, тры дні запар яго білі ў Фрунзэнскі РУУС.
«Білі прыкаванага і распытвалі пра меркаваных лялькаводаў», — расказаў у перапынку працэсу Ігар Бяленскі.
Сам Ігар цяпер пад падпіскай аб невыдаваньні і належных паводзінах. Антон Бяленскі фігураваў у справе валянтэра штабу Бабарыкі Лявона Халатрана, асуджанага на 2 гады «хіміі». Праваабаронцы прызналі Антона Бяленскага палітычным вязьнем.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах