У справе пяць фігурантаў:
- родныя сёстры Надзея Сьцепанцова (49 гадоў) і Жанна Захаркевіч (47 гадоў);
- родныя браты Ўладзімер Седзянеўскі (36 гадоў) і Юры Седзянеўскі (39 гадоў);
- прадпрымальнік Аляксандар Якубоўскі, які пасярод суду зьнік.
Усе маюць вышэйшую адукацыю, раней не судзімыя. Падчас працэсу яны застаюцца на волі.
Усіх пяцёх вінавацяць у парушэньні двух артыкулаў: «Арганізацыя або падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК) і «Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364 КК).
Пацярпелымі прызналі 11 міліцыянтаў. Падчас судовага працэсу яны давалі паказаньні зь іншага пакоя, не паказвалі твараў і не называлі сваіх сапраўдных імёнаў. Некаторыя замест сваіх хатніх адрасоў называлі адрасы горадзенскіх актывістаў.
Паводле абвінавачаньня, пяць фігурантаў справы ўзялі ўдзел у пратэставым шэсьці па вуліцы Гарнавых у Горадні 6 верасьня. Яны нібыта пагражалі пацярпелым міліцыянтам гвалтам. У віну ім паставілі тое, што яны ішлі ў шэрагу, узяўшыся за рукі, і што «сваімі целамі выпіхвалі супрацоўнікаў са свайго шляху». Па афіцыйнай вэрсіі, аўтапарк і тралейбуснае дэпо панесьлі шкоду на 71 рубель 69 капеек.
Ніжэй прыводзім апошнія словы трох фігурантаў, якія пасьпелі зь імі выступіць.
Юры Седзянеўскі
«Я думаю, што падзеі 6 верасьня пачаліся крыху раней, у жніўні. 6 верасьня я вырашыў пайсьці паглядзець на людзей, якія выступаюць супраць гвалту. Па дарозе я стаў сьведкам гвалту з боку „людзей у чорным“. Цяпер мяне вінавацяць у гвалце, такая іронія.
З самага дзяцінства я ня памятаю, каб я зь некім нават біўся. Усе мяне лічаць дыпляматам, у любых стасунках, калі ёсьць напал, я спрабую гэта злагодзіць.
З самага дзяцінства мяне прывучалі да традыцый хрысьціянства, а ў хрысьціянства законы і парадкі значна больш жорсткія, чым у нашай сыстэме. Мы як хрысьціяне працуем ня толькі над сваімі ўчынкамі, але і над тым, што мы кажам, і нават над тым, што мы думаем. Нават калі мы падумаем нешта кепскае, для нас гэта ўжо лічыцца грахом.
Паколькі мы і нашыя сем’і традыцыйна веруючыя, мы спадзяёмся на Бога, лічым, што ўсе выпрабаваньні, які нам Бог дае, мы здольныя вытрываць. Усё гэта пойдзе нам на карысьць, мы адкрыем для сябе шмат чаго новага, навучымся больш любіць адно аднаго, у сям’і.
Хочацца адзначыць, што вакол нашых сем’яў зьявілася даволі вялікая падтрымка з боку нашых знаёмых, сваякоў, блізкіх. Гэта неймаверна. Мы ўсё гэта перажывем. Ніхто мне ніколі не задаваў пытаньня, што здарылася. Усе зьдзіўленыя, вядома, але ўсе ўсё цудоўна разумеюць».
Жанна Захаркевіч
«Людзі, якія парушаюць закон, хаваюцца ад народу, хаваюць свае твары. Я дагэтуль ня веру, што гэта былі супрацоўнікі АМАПу, ва ўсялякім выпадку горадзенскага, беларускага. Мы бачылі тыя зьверствы, дзе сярод мірных людзей маглі аказацца суседзі, сябры, сваякі, на маім месцы маглі аказацца аднаклясьнікі.
У мяне на гэтую сытуацыю толькі анэкдот круціцца ў галаве: „Тэлефануе мужчына ў хуткую і кажа: „Прыяжджайце. Маёй жонцы блага“. — „А што зь ёй?“ — „Па кватэры белыя коні скачуць, а яна ня бачыць““. Толькі так я магу апісаць гэтую сытуацыю».
Уладзімер Седзянеўскі
«Я б хацеў расказаць крыху пра сябе. Я нарадзіўся ў Горадні, вырас у Горадні. За гэты час я ні разу не сутыкаўся з падобнымі сытуацыямі, мяне не прыцягвалі да адказнасьці, я не парушаў ніякіх парадкаў.
У адзін сонечны дзень адбылася такая адметная падзея для мяне і маёй сям’і. Я проста выйшаў прагуляцца, паглядзець. Так атрымалася, што мой шпацыр скончыўся ня вельмі добра для мяне і ўсёй маёй сям’і. Мне здаецца, любы чалавек можа трапіць у такую сытуацыю.
Пару словаў я б хацеў сказаць пра сваю сям’ю, пра свайго сына. Гадоў 5 таму ён сказаў мне: „Тата, я хачу стаць міліцыянтам“. Я ў яго пытаюся: „А хто такі міліцыянт, якім ён павінен быць?“. Я яму кажу, што ён павінен быць мудрым, сумленным, прыстойным, ён павінен абараняць слабых. Прайшоў час, а я кожны раз пытаюся ў яго: „Кім ты будзеш?“, а ён мне заўжды кажа: „Я хачу стаць міліцыянтам“. Я ня ведаю, што яму на гэта адказваць. Сёньня такі адметны дзень — дзень міліцыі. Сёньня дзень народзінаў майго сына».
У судзе зрабілі перапынак да 10 сакавіка, калі апошняе слова скажа Надзея Сьцепанцова. Потым суд агучыць прысуд.
- 6 верасьня 2020 году гарадзенцы спрабавалі прайсьці па цэнтры гораду некалькі разоў. Першую калёну разагналі ў раёне вуліцы Гарнавых з жорсткімі затрыманьнямі. Другая калёна прыкладна з 5 тысяч чалавек здолела прайсьці некалькі кілямэтраў па горадзе, пакуль не наткнулася на сьцяну АМАПу. Шэсьце таксама скончылася жорсткімі затрыманьнямі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.