Як гаворыцца на сайце Генэральнай пракуратуры, 15 лістапада 2020 году каля станцыі мэтро «Пушкінская» пры староньніх асобах «двойчы, зь перапынкам у паўгадзіны», яна ўдарыла ў твар журналіста тэлевізійнага каналу, які «выконваў абавязкі па асьвятленьні падзеяў» у Менску.
Гаворка пра 26-гадовага аўтара «Сталічнай тэлевізіі» Рыгора Азаронка, якога Аляксандар Лукашэнка пазьней узнагародзіў мэдалём «За адвагу».
«Падчас папярэдняга расьсьледаваньня абвінавачаная прызнала нанясеньне ўдараў пацярпеламу, аднак адмаўляла наяўнасьць у яе дзеяньнях складу крымінальнага злачынства. Пасьля вывучэньня матэрыялаў справы ў пракуратуры прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасьці абвінавачаньня. Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасьці Фрунзэнскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту», — паведамілі ў пракуратуры.
Абраную да Вольгі Калацкай меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту пракурор пакінуў бязь зьменаў.
18 лютага судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Натальля Бугук пагадзілася з просьбай пракурора Аліны Касьянчык прызначыць журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай и Дар'і Чульцовай па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яны выконвалі сваю журналісцкую працу ў той жа дзень, калі адбыўся інцыдэнт з Азаронкам.
Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня ў сваёй кватэры. Пазьней адвакату паведамілі, што яна праходзіць па крымінальным артыкуле (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Аднак 19 студзеня ёй прад’явілі абвінавачаньне па частцы 1 артыкула 339 (хуліганства). 4 лютага ў кватэры 89-гадовай маці Калацкай прайшоў ператрус, а праз 10 дзён адзін са сьледчых паведаміў ёй, што справа дачкі завершаная і будзе перададзеная ў суд.
Маці Вольгі Калацкай патрабуе штодзённага догляду.