Дзіцячая паліклініка № 2 Горадні напісала зварот у пракуратуру, што госьпіс нібыта «самавольна заняў памяшканьні агульнага карыстаньня».
Дзіцячы госьпіс займае ў будынку паліклінікі тры кабінэты паводле дамовы арэнды. Як піша адміністрацыя ўстановы, летась у траўні дабрачынная арганізацыя нібыта «самавольна, без дадатковага пагадненьня, заняла памяшканьні агульнага карыстаньня — вэстыбюль з калідорам». Там госьпіс зладзіў швейную вытворчасьць засьцерагальных касьцюмаў для мэдыкаў.
Паводле зьвестак паліклінікі, супрацоўнікі госьпіса 4 месяцы не працуюць у будынку, памяшканьні цяпер зачыненыя і арэндадаўцу ня здадзеныя. Аднак дырэктарка госьпісу Вольга Вялічка, якая цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі, аспрэчыла гэта.
Як патлумачыла кіраўніцтва паліклінікі ў сваім звароце, цягам 2020 году іхняя ўстанова мелася выконваць захады, каб запабегчы распаўсюд інфэкцыі COVID-19. Сярод іх было — арганізаваць асобны ўваход у будынак паліклінікі, забясьпечыць мэдработнікаў дадатковымі ізаляванымі памяшканьнямі і асобнымі шлюзамі для падзелу патокаў пэрсаналу і пацыентаў.
«Без выкарыстаньня памяшканьняў, якія перадалі ў арэнду дзіцячаму госьпісу, рэалізаваць пералічанае было немагчыма», — адзначаецца ў лісьце.
Пракуратура Горадні накіравала кіраўніцтву дзіцячага госьпіса прапанову, каб урэгуляваць спрэчку да суду і добраахвотна вызваліць арандаваныя і «самавольна занятыя» памяшканьні. Як паведамляе сайт пракуратуры, госьпіс адмовіўся, таму пракуратура накіравала пазоў у эканамічны суд Горадзенскай вобласьці.
Дамова арэнды паліклінікі з госьпісам была падпісаная да красавіка 2021 году. Аднак летась у кастрычніку ў госьпіс прыйшло патрабаваньне паліклінікі, каб дабрачынная арганізацыя вызваліла арандаваныя памяшканьні ў сувязі з «захадамі супраць распаўсюду каранавірусу».
Аднак госьпіс ня зьехаў з будынку. Па адрасе паліклінікі таксама зарэгістраваны юрыдычны адрас дабрачыннай установы.
Супраць дырэктаркі Горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольгі Вялічкі 1 сьнежня 2020 году завялі крымінальную справу (ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэксу) аб крадзяжы маёмасьці грамадзкай арганізацыі. Вольга Вялічка зьехала за мяжу.