Вядомы берасьцейскі гурт «Дай дарогу!» плянаваў увечары 2 сакавіка запісаць відэа для онлайн-фэсту «Артысты перамогі», які ладзіць Беларускі фонд культурнай салідарнасьці.
Дзеля гэтага музыкі прыехалі ў адзін зь менскіх клюбаў. Але за гадзіну да пачатку здымак клюб наведала міліцыя. Яна запатрабавала разысьціся, іначай усіх прысутных затрымае АМАП.
Здымачная каманда праекту і музыкі цяпер у бясьпецы. А вось здыманьне відэа перанесьлі на няпэўны тэрмін.
Гурт «Дай дарогу!» — сярод тых, хто выступае за новыя выбары ў Беларусі. У прыватнасьці, запісаў песьню «Бусел», якая стала адным з музычных сымбаляў беларускага пратэсту. На яе існуе і беларускамоўны кавэр.