Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На яго цісьне невядомасьць». Ігар Лосік за кратамі 251 дзень


Ігар Лосік
Ігар Лосік

Кансультант Радыё Свабода і адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году.

Ігар Лосік ужо больш за 250 дзён у зьняволеньні. Жонка Дар’я двойчы на тыдзень возіць з Баранавічаў у сьледчую турму Жодзіна перадачы для мужа. 2 сакавіка яна расказала Свабодзе пра апошнія навіны.

«У турме зноў пачалі працаваць цэнзары, якіх не было нейкі час. Таму Ігару пачалі даходзіць лісты, перадалі на днях 10 штук адразу, — кажа Дар’я. — А так больш асаблівых навінаў няма. Перадачы мае прымаюць. Ігар адчувае сябе нармальна, на здароўе ня скардзіцца. Маральна толькі яму вельмі цяжка. Праз тое, што ўсё вельмі доўга цягнецца і невядома, чым скончыцца. Гэтая невядомасьць вельмі на яго цісьне».

Ігар па-ранейшаму ў камэры зь відэаназіраньнем, куды яго перавялі падчас галадоўкі. Пасьля яе завяршэньня мэдыкі яго больш не аглядаюць.

Як кажа Дар’я, першыя тыдні Ігар меў праблемы з аднаўленьнем харчаваньня, але цяпер ужо можа есьці ўсё, што і звычайна. Пра ход сьледзтва альбо перадачу матэрыялаў справы ў суд нічога не чуваць. За ўвесь час за кратамі Ігар Лосік быў на допытах толькі некалькі разоў у першыя тыдні пасьля затрыманьня.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG